У Гродне адбылося 74-е пасяджэнне Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі (ПС) па пытаннях знешняй палітыкі. Яго работу ўзначаліў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, старшыня Камісіі ПС па пытаннях знешняй палітыкі Сяргей Рахманаў.
Падчас пасяджэння дэпутаты абмяркоўвалі ўзаемнае прызнанне віз для грамадзян іншых краін. Гэта дазволіць паскорыць праходжанне памежнага кантролю, спросціць дзелавыя і турыстычныя паездкі, але на бяспецы не адаб'ецца. У Беларусі цяпер дзейнічае бязвізавы рэжым для грамадзян амаль 80 краін, але, каб патрапіць у Расію, большасць з іх вымушана афармляць поўны пакет дакументаў.
Сяргей Рахманаў расказаў, што неабходна неадкладна скаардынаваць дзеянні дзвюх краін: «Мы дэталёва вывучылі пытанне аб узаемным прызнанні віз. Гэта частка работы па ўмацаванні Саюзнай дзяржавы. Займаемся пагадненнем, якое падрыхтуем да канца года. Разглядаем пытанні, якія прапанавалі беларускі бок і нашы расійскія калегі. Пагадненне будзе паўнакроўным дакументам, які ўлічыць усе аспекты. Пасля яго ратыфікацыі самі сабой здымуцца многія вострыя праблемы».
Таксама сярод разгледжаных пытанняў пасяджэння — стан і перспектывы гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння Гродзенскай вобласці з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, праект Плана міжнароднай дзейнасці ПС на 2018 год, вынікі ўдзелу дэлегацыі ў рабоце 137-й Асамблеі Міжпарламенцкага саюза і інш. Па выніках работы падрыхтаваны адпаведныя рэкамендацыі, якія будуць прадстаўлены кіраўніцтву Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.
Вераніка ПУСТАВІТ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] mailto:pustavіt@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/vizy
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[7] https://zviazda.by/be/tags/rasiya