Як арганізаваць эфектыўны гандаль у сельскай мясцовасці, каб не цярпець страту і задаволіць попыт насельніцтва? Дзе залатая сярэдзіна паміж сацыяльнай скіраванасцю і камерцыйнай зацікаўленасцю? Якую ролю іграюць у гэтым мясцовыя органы ўлады? Шукаць адказы на гэтыя і іншыя пытанні спажывецкай кааперацыі будуць на чарговым пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання, якое адбудзецца на базе прадпрыемстваў Віцебскай вобласці ў канцы лістапада.
Гэтым разам пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі пройдзе сумесна з пасяджэннем Праўлення Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў на прадпрыемствах Пастаўскага райспажыўтаварыства. Яго тэма —
«Пра работу мясцовых органаў улады па павышэнні канкурэнтаздольнасці арганізацый спажыўкааперацыі і ўдасканаленні іх дзейнасці ў мэтах забеспячэння эканамічнай заможнасці рэгіёнаў і задавальнення патрэб насельніцтва на прыкладзе Віцебскай вобласці».
Цяпер спажывецкая кааперацыя, мабыць, самая разгалінаваная арганізацыя ў нашай краіне па аказанні паслуг сельскаму насельніцтву. Гандаль і грамадскае харчаванне, закупка і нарыхтоўка сельскагаспадарчай прадукцыі, вытворчасць тавараў першай неабходнасці... Сёння прадпрыемствамі Белкаапсаюза аказваецца больш за 60 відаў паслуг, уключаючы паслугі рынкаў, апрацоўкі прысядзібных участкаў, транспартныя паслугі, паслугі пракату — і гэта яшчэ не поўны пералік кірункаў дзейнасці спажыўкааперацыі. Па звестках статыстыкі, у гэтай структуры працуе каля 70 тысяч чалавек, якія абслугоўваюць 3,4 мільёна беларусаў, ці больш за 35% насельніцтва краіны, у тым ліку ўсё сельскае насельніцтва.
Таму невыпадкова праблемы канкурэнтаздольнасці і ўдасканалення работы гэтай галіны стануць галоўнай тэмай абмеркавання на сумесным пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання з Праўленнем Белкаапсаюза, якое запланавана на канец лістапада. Ступень гатоўнасці да гэтага мерапрыемства прадпрыемстваў Пастаўскага райспажыўтаварыства была ў цэнтры ўвагі старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандра Папкова.
— Сёння галоўнай мэтай прадпрыемстваў спажывецкай кааперацыі і ўсіх яе структурных падраздзяленняў павінен стаць актыўны ўдзел у фарміраванні даходнай часткі бюджэту свайго рэгіёна, — падкрэсліў парламентарый падчас наведвання прамыслова-перапрацоўчага комплексу Пастаўскага райспажыўтаварыства. — Белкаапсаюзу трэба выйсці на якасна новы ўзровень. Цяпер трэба думаць не толькі пра дакладную арганізацыю гандлю ў сельскіх населеных пунктах, а ў першую чаргу пра стварэнне невялікіх прадпрыемстваў па перапрацоўцы сыравіны, пра пошук новых формаў арганізацыі закупак сельгаспрадукцыі ў насельніцтва і збыт яе за межамі краіны.
У ходзе рабочага візіту Аляксандра Папкова адбылося абмеркаванне выканання даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па паляпшэнні фінансавага стану прадпрыемстваў Белкаапсаюза, павышэнні іх эфектыўнасці і даступнасці паслуг для сельскага насельніцтва. Выступаючы на нарадзе з удзелам прадстаўнікоў Віцебскага аблвыканкама, Белкаапсаюза і кіраўніцтва Пастаўскага райвыканкама, сенатар звярнуў увагу на шэраг недахопаў у арганізацыі работы хлебапякарнага цэха і агароднінасховішчаў Пастаўскага райспажыўтаварыства.
Плануецца, што на сумесным пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання з Праўленнем Белкаапсаюза будуць абмяркоўвацца таксама пытанні мадэрнізацыі вытворчасцяў і павышэння эфектыўнасці работы прадпрыемстваў спажывецкай кааперацыі, праблемы нарыхтоўчай дзейнасці і развіцця сеткі аб'ектаў грамадскага харчавання прыдарожнага сэрвісу.
Наталля БІТЭЛЬ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-bitel
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/gandal
[4] https://zviazda.by/be/tags/gandal