Яна — папулярная спявачка, актрыса і тэлевядучая, паспяховая бізнес-лэдзі, ідэальная мама і жонка. Гэты чалавек не ведае, што значыць здавацца. У чым тут сакрэт? Нам удалося пагаварыць з Ларысай ГРЫБАЛЁВАЙ і высветліць, як у яе атрымліваецца заставацца «на вышыні».
— Пачнём з дзяцінства. Ваш тата быў ваенным. Кажуць, іх дзеці выхоўваюцца ў асаблівай строгасці...
— Сапраўды, нас з сястрой выхоўвалі менавіта так. Але строгі ў нас не тата, а мама. Яна працавала галоўным бухгалтарам і часта прыносіла работу дадому. Таму нашым штодзённым абавязкам было не толькі ўрокі зрабіць, але і вільготную прыборку правесці і посуд за сабой памыць. Чысціня павінна была быць ідэальная! А яшчэ мама да 10 класа правярала ў мяне ўрокі. І калі я прыносіла дрэнную адзнаку, мяне не пускалі на заняткі ў вакальную студыю. Таму я старалася добра вучыцца.
— У колькі гадоў вы ўпершыню выйшлі на сцэну?
— Ужо і не памятаю дакладна. Прыкладна гадоў у 12. Маё першае выступленне было звязана з вакалам. З-за прафесіі таты я часта выступала на розных мерапрыемствах. А наогул, я заўсёды была актывісткай, і не адна школьная самадзейнасць без мяне не абыходзілася.
— Кім у дзяцінстве хацелі стаць? Не артысткай?
— Ведаеце, ніколі не думала, што стану тым, кім з'яўляюся цяпер. Я нават не ведала, што гэтым можна зарабляць. Заўсёды хацела стаць настаўніцай пачатковых класаў. Дарэчы, у мяне ёсць педагагічная адукацыя. Але, як бачыце, лёс распарадзіўся інакш.
— А як тады трапілі на вялікую сцэну?
— Я заўсёды любіла яе, але ніколі не думала, што гэта можа быць прафесіяй. Мяне пайсці на конкурс угаварыў мой куратар, кампазітар і кіраўнік вакальнай студыі «Шанц» пры Віцебскім педінстытуце Валерый Антонавіч Дамарацкі. Гэта быў конкурс маладых выканаўцаў «Маладзечна-94», які арганізоўваў Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Я заняла другое месца, і мяне Міхаіл Якаўлевіч запрасіў на работу.
— Калі і як зразумелі, што сталі вядомай? Хто дапамагаў і падтрымліваў на творчым шляху?
— Сваю вядомасць адчула, калі стала вядучай праграмы «Усё нармальна, мама». На той момант я жыла ў інтэрнаце, і ў пакой сталі прыходзіць людзі, каб проста паглядзець на мяне. Прыходзілі нават ноччу. Для мяне ўсё гэта было вельмі нязвыкла. А на гэтым шляху мяне заўсёды падтрымлівала сям'я і творчыя сябры — Ягор Хрусталёў, Валодзя Максімкаў, які нават стаў маім хросным сынам. А таксама мяне падтрымлівалі Міхаіл Якаўлевіч і Валерый Антонавіч.
— Ці знікла з вопытам хваляванне падчас выступленняў?
— Яно будзе прысутнічаць заўсёды. Шмат хто кажа, што з вопытам усё праходзіць, але гэта не так. Бо кожны раз ты знаходзішся ў новай атмасферы, бачыш новых людзей і, вядома ж, адчуваеш новыя эмоцыі. Таксама хвалюешся за апаратуру, за тое, якая будзе акустыка. Так што без хвалявання ніяк не абысціся. Па праўдзе мне здаецца, што ўсе хвалююцца, проста хтосьці больш, а нехта менш.
— Кажуць, што той горад, у якім чалавек нарадзіўся, становіцца самым родным на ўсё жыццё, але вы так часта падарожнічаеце... Можа, ёсць яшчэ якое-небудзь месца, якое запала вам у душу?
— Так, запаў Мінск. Яшчэ калісьці даўно з віцебскай камандай КВЗ ездзіла на выступленне ў сталіцу. Я адказвала за музычныя нумары. Мы ехалі на вялікім аўтобусе па праспекце Незалежнасці (тады ён яшчэ называўся праспектам Францыска Скарыны). Менавіта тады я закахалася ў гэты горад. І мне вельмі хацелася, каб далейшае маё жыццё было звязана менавіта з ім. У прынцыпе так усё і атрымалася.
— Ці часта сутыкаліся з тым, што трэба зрабіць выбар? Ці хутка можаце прыняць рашэнне? Які выбар у вашым жыцці быў самы складаны?
— Ён мне заўсёды даваўся складана. Таму бяруся за ўсё і адразу, каб не выбіраць. Самым складаным у маім жыцці было вызначыцца: Масква ці Мінск, «Ранішняя пошта» ці «Усё нармальна, мама!» і выбраць аркестр. Выбар свой я зрабіла на карысць Мінска, як вы разумееце, і цяпер не шкадую аб гэтым.
— Вы спрабавалі сябе ў ролі вядучай розных праграм, спявачкі. Якая з гэтых роляў бліжэйшая? У якім кіно вы хацелі б зняцца?
— Нават калі я спяваю, усё роўна стараюся ўнесці нейкія эмоцыі, нейкія акцёрскія «прыёмы». Таму, думаю, бліжэйшая мне роля вядучай. Што датычыцца кіно, я здымалася ўжо ў некаторых фільмах, напрыклад «Прывітанне ад Чарлі-трубача», «Каменская», «Закон». Цяпер хацела б зняцца ў кіно пра 1990-я. Вельмі хачу, каб у ролях былі нашы пазнавальныя асобы, артысты, спартсмены.
— Раскажыце пра ўдзел у праекце «Бітва гарадоў». Як туды трапілі? Што ён даў вам?
— Захапляюся гэтым праектам і ганаруся сваёй віцебскай камандай! Мы былі адным арганізмам, які быў не згодны проста на ўдзел. Толькі на перамогу! І мы гэта зрабілі і перамаглі! Вярнуліся ўсе з траўмамі, я два тыдні на ўколах была з-за спіны. Але мы былі вельмі задаволеныя сабой, а гэта галоўнае. Потым быў праект «Бітва тытанаў» з іншымі краінамі. Таксама было выдатна, мы вельмі стараліся, змагаліся. Але журы адкрыта дапамагала іншай камандзе. Гэта азмрочыла нашу паездку, але мы былі ўсё роўна шчаслівыя. Занялі другое месца, але ўспрымалі яго як першае! Той праект паказаў мне, наколькі моцнай і цягавітай я магу быць у розных сітуацыях. І галоўнае, што я зразумела, — ніколі ў жыцці не трэба адчайвацца і апускаць рукі.
— Многія лічаць, што пікам вашай папулярнасці стаў удзел у праекце «Ранішняя пошта». Але ў многіх інтэрв'ю вы кажаце, што з таго часу ў вас няма ні адной фатаграфіі з Юрыем Нікалаевым. Як так атрымалася?
— Пра фота з Нікалаевым сапраўды пацешна выйшла, яго насамрэч няма. У Маскве я сутыкнулася з жорсткім законам шоу-бізнесу, пра які нават не здагадвалася. Нас шмат фатаграфавалі, я разлічвала, што ў мяне будуць здымкі. А потым аказалася, што за фота трэба плаціць. У мяне тады не было такіх грошай. А фотаапарат я не брала, не думала, што так хутка скончыцца мая «казка». Думала, што ў нас будзе яшчэ шмат на гэта часу... Што мяне яшчэ ўразіла тады? Прыходзілі журналісты і бралі інтэрв'ю толькі ў Юрыя Нікалаева. Пра мяне — ні слова. Потым даведалася, што артыкулы праплачаны і я тут як бы ні пры чым. Вядома, не магла такога чакаць, дома ў той час да мяне чарга стаяла з журналістаў. Тады і зразумела, што ўсё ж такі не ўсё ў свеце так, як здавалася мне раней.
— Для многіх ваша імя асацыюецца выключна з праграмай «Усё нармальна, мама!». А якія праекты ў вас самой выклікаюць большы інтарэс?
— Я люблю экстрэмальныя праграмы, напрыклад, «Бітву тытанаў», якая ўжо згадвалася ў нашай гутарцы, «Смак 2017» — гэта праект ад кавы «Барыста». Дарэчы, у ім я перамагла свой страх вышыні, на апошнім этапе конкурсу ў мяне быў нумар паветранай гімнасткі. Літаральна за адну рэпетыцыю я змагла гэта зрабіць. Зараз лічу тое сваёй маленькай перамогай. А калі казаць пра асабісты гонар, то гэта, вядома, мае дзеці.
— Як адбіваюцца пастаянныя гастролі і рэпетыцыі на вашых з імі адносінах?
— Я думаю, большасць сучасных бацькоў не так часта бываюць дома. Мне здаецца, тут справа не ў колькасці праведзенага часу, а ў якасці. Я, як педагог пачатковых класаў, выдатна гэта разумею. Трэба гутарыць з дзецьмі не пра школу і ўрокі, бо гэта не адзіныя тэмы для размовы.
— Вы ніколі не карысталіся паслугамі нянек. Чаму? Як у вас хапае энергіі на работу і сям'ю?
— У мяне надзейны тыл, у якім я заўсёды ўпэўнена і магу з лёгкасцю на яго здацца, — гэта мае мама і тата. Таксама ў мяне шмат сваякоў, сёстры стрыечныя, усе мне заўсёды і ва ўсім дапамагаюць. Таму і спраўляюся. Навошта мне староннія людзі, калі і сваіх хапае?
— Імёны вашых дзяцей пачынаюцца на літару "А". Скажыце, гэта супадзенне ці вы наўмысна так выбіралі?
— Першую дачку не маглі доўга назваць. За дзень да выпіскі з радзільні з мужам напісалі запіскі з імёнамі. Адно імя супала — Аліса. Вырашылі, што так і назавём. Сыну ўжо адмыслова шукалі імя на літару "А". Яшчэ ў жываце ён яго здабыў — Арсень. Малодшую дачку не маглі назваць цэлы месяц!!! Якіх толькі ні было імёнаў, мы нават ледзь не пасварыліся з-за гэтага. Хацелі назваць без экзотыкі, па-простаму. І Саша (мой муж) неяк за вячэрай кажа "Алёна!". Мне вельмі спадабалася гэта імя. Яно вельмі далікатнае, але ў той жа час простае!
— Ці ёсць у вас якія-небудзь хобі, акрамя музыкі?
— У мяне ёсць сям'я і работа. Што з гэтага хобі? Думаю, выбару тут і няма (смяецца).
— Многія кажуць, што вы «жанчына-свята», і цяпер гэта не толькі з-за гарэзлівага характару, але і з-за вашага агенцтва. Раскажыце, як з'явілася ідэя яго стварэння?
— Ідэя прыйшла, калі я была цяжарная другі раз і чакала сына Арсеня. Мне хацелася займацца яшчэ чымсьці акрамя канцэртнай дзейнасці, хацелася свой бізнес. Думала шмат часу, перабірала розныя варыянты: крама з тэатральнай і кіношнай тэмай, салон прыгажосці, крама для матуль і дзяцей, кавярня... Але з-за таго, што я нічога не разумею ў крамах, вырашыла не рызыкаваць. І прыйшла ідэя івэнт-агенцтва. Я якраз пазнаёмілася з Таццянай, якая таксама хацела займацца гэтай дзейнасцю. Мы аб'ядналіся і атрымалася «Святочнае бюро». Так што ў мяне цяпер заўсёды ёсць месца святу.
— Вы часта наладжваеце іх для іншых людзей. А што самі выбралі б: ціхі ўтульны вечар дома ці шумную вечарынку з сябрамі? Ці часта ваш дом прымае гасцей?
— Мне вельмі не хапае цішыні ў апошні час. Эмацыянальна я спустошана і, вядома, мне б хацелася адпачыць, але не дома. Там нас вельмі шмат. Трэба ехаць куды-небудзь, але я пакуль не магу, таму што мая малодшанькая Алёна ўсё яшчэ на грудным выкормліванні. Так што адпачнём пазней. А наконт таго, ці часта ў нас госці? Сачыце ў Інстаграме. Амаль кожныя выхадныя мой дом напаўняюць сябры. Я люблю гасцей, шумныя кампаніі, люблю, калі людзям добра!
Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка І курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/angelina-novikava
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/larysa-grybalyova