Практычны вопыт работы ў сферы прыродаахоўнай дзейнасці набылі маладыя следчыя з Магілёўскай вобласці, якія сабраліся на вучэннях у Чавускім раёне.
Сваімі навыкамі з імі падзяліліся супрацоўнікі абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Дзяржінспектары арганізавалі вучэбны пункт, які па легендзе з'яўляўся месцам незаконнага палявання.
Следчым-пачаткоўцам расказалі, якія доказы могуць быць выяўлены ў справе аб нелегальнай здабычы звера, як распазнаць мяса дзічыны і якім чынам падазраваныя спрабуюць схаваць сваю датычнасць да браканьерства. Пад кіраўніцтвам дзяржінспектараў маладыя работнікі следчых органаў правялі агляд месца незаконнага «палявання» і транспартнага сродку затрыманых «парушальнікаў». Гэтыя веды, замацаваныя на практыцы, дапамогуць работнікам-пачаткоўцам Следчага камітэта быць падрыхтаванымі пры расследаванні фактаў браканьерства.
Гэта ўжо не першы падобны вопыт супрацоўніцтва паміж Следчым камітэтам і Дзяржінспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету. Напрыклад, летам работнікі Гомельскай аблінспекцыі прымалі ўдзел у вучэбным зборы, арганізаваным абласным следчым упраўленнем для супрацоўнікаў са стажам менш за два гады. Тады адным з пунктаў стажыроўкі для іх стаў умоўны выезд на месца незаконнага рыбалоўства. На беразе Сожа дзяржінспектары правялі «затрыманне» браканьераў, якія на маторнай лодцы займаліся здабычай рыбы пры дапамозе сетак. Прадэманстравалі следчым і іншыя забароненыя прылады лоўлі, расказалі, як падлічваецца нанесеная прыродзе шкода, што адбываецца з канфіскаваным уловам. Неад'емнай часткай навучання сталі і прыклады з практыкі дзяржінспектараў.
Сяргей РАСОЛЬКА
rs@zviazda.by [4]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] mailto:rs@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/moladz
[6] https://zviazda.by/be/tags/prafesiya
[7] https://zviazda.by/be/tags/specyyalnasc
[8] https://zviazda.by/be/tags/sledchyya