У Мінску завяршыўся заключны этап алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычнае і духоўнае адзінства». Па суме набраных балаў у камандным заліку пераможцам стала зборная беларускай сталіцы, другое каманднае месца падзялілі каманды Яраслаўскай вобласці і Ліцэя БДУ, трэцяе месца — каманды Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей. Спецыяльны прыз аргкамітэта атрымала навучэнка гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна Ксенія Шымановіч.
Абсалютным жа пераможцам алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы стаў расіянін — вучань сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №37 з паглыбленым вывучэннем асобных прадметаў горада Выбарга Ленінградскай вобласці Дзяніс Пісарэнка. Яму дастаўся спецыяльны дыплом і прыз Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.
У заключным этапе алімпіяды ўзялі ўдзел 186 навучэнцаў 10—11-х класаў з Беларусі і Расіі. Яго праграма прадугледжвала правядзенне двух абавязковых тураў (комплексную работу па рускай мове і літаратуры і напісанне сачынення) плюс творчы конкурс рытарычнага майстэрства і знаўцаў.
Паклапаціліся арганізатары і пра культурную праграму: старшакласнікі наведалі музей Вялікай Айчыннай вайны, Палац Незалежнасці, Нацыянальны мастацкі музей, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж». Сталі ўдзельнікамі тэматычных канцэртных праграм, вечароў дружбы, сустрэч з вядомымі пісьменнікамі. Разам з членамі журы прадстаўнікі камандаў пасадзілі алею Дружбы.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyada-shkolnikau-sayuznay-dzyarzhavy
[6] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyada