Крыху больш чым праз два тыдні ў сталіцы Грузіі пачнецца 15-ы па ліку Міжнародны дзіцячы конкурс песні «Еўрабачанне-2017». Удзел у ім бяруць сёлета 16 краін, у тым ліку Партугалія, якая вяртаецца на форум пасля дзевяці гадоў адсутнасці.
Прадстаўніца Беларусі Хелена Мерааі, як і іншыя ўдзельнікі, працягвае актыўна рыхтавацца да конкурсу — рэпеціраваць нумар і песню, удасканальваць англійскую мову, а таксама ўдзельнічаць у прома-канцэртах. Дарэчы, ужо на наступным тыдні, 14 лістапада, дзяўчына ў складзе вялікай творчай зборнай нашых артыстаў і музычных калектываў выступіць у Тбілісі ў праграме Дня беларускай культуры ў Грузіі. Крыху пазней у грузінскую сталіцу прыбудзе афіцыйная дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі Іванам Эйсмантам, каб падрыхтаваць сцэнічны нумар беларускай канкурсанткі і яе ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах «Еўрабачання». Па традыцыі, наша каманда павязе з сабой прома-пакет, у які ўваходзяць буклеты, дыскі, маляўнічыя паштоўкі і постары, а таксама адмысловы пазл і каляндар.
20 лістапада цырымонія адкрыцця дасць старт дзіцячаму «Еўрабачанню-2017», а таксама пройдзе жараб'ёўка ўдзельнікаў. Фінальны гала-канцэрт, нагадаем, адбудзецца 26 лістапада на сцэне Алімпійскага палаца ў Тбілісі.
Удзел у «Еўрабачанні-2018», якое налета пройдзе ў Партугаліі, афіцыйна пацвердзілі 42 краіны. Тэлеканал-арганізатар загадзя прадставіў асноўны лагатып будучага шоу (марская ракавінка) і яго слоган — «Аll Аbоаrd!» («Усе на борт!»). А ўжо ў канцы лістапада ў продаж трапіць першая партыя білетаў на канцэрты «Еўрабачання».
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота еurоvіsіоn.tv
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] mailto:tselyashuk@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzicyachae-eurabachanne-2017
[6] https://zviazda.by/be/tags/helena-meraai
[7] https://zviazda.by/be/tags/eurabachanne-2018
[8] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen