Форум праводзіцца ўжо дванаццаты раз, і сёлета ён прымеркаваны да 950-годдзя Мінска. Адной з галоўных падзей феcтывалю стане міжнароднае біенале маладых архітэктараў «Леанарда», а таксама агляд-конкурс на самы лепшы архітэктурны твор.
— Нацыянальны фестываль архітэктуры выяўляе прагрэсіўныя ідэі, рашэнні і новыя творчыя імёны. Гэта форум таленавітых, натхнёных людзей, здольных думаць па-наватарску. Ён стаў адной са значных падзей у творчым і культурным жыцці Беларусі і спрыяе фарміраванню іміджу Мінска. На працягу апошніх гадоў вядомыя архітэктары дэманструюць інавацыйныя падыходы да архітэктурнай і горадабудаўнічай палітыкі Мінска, пад уплывам якіх сфарміраваўся новы вобраз сучаснага мегаполіса, — заўважыў на цырымоніі адкрыцця віцэ-прэм'ер Васіль ЖАРКО.
Такім чынам, фестываль — гэта не толькі збор спецыялістаў, гатовых падзяліцца сваімі ідэямі, але і нагода для замежнікаў па-новаму зірнуць на прыгажосць і гасціннасць Мінска. А паглядзець сапраўды ёсць на што: на думку прэм'ер-міністра, сярод архітэктурных візітных картак беларускай сталіцы — Палац Рэспублікі, Палац Незалежнасці, Нацыянальная бібліятэка, Музей Вялікай Айчыннай вайны, Чыгуначны вакзал, гатэль «Рэнесанс» і іншыя аб'екты.
— Мы пастаянна ўдасканальваем фармат мерапрыемства і гэты раз праводзім не толькі традыцыйныя конкурсы, майстар-класы, круглыя сталы, але таксама ў рамках форуму асобна пройдзе міжнародная канферэнцыя, прысвечаная 150-годдзю архітэктара Івана Жаўтоўскага. Гэта савецкі архітэктар, чые творы ўпрыгожваюць Маскву і Санкт-Пецярбург, але нарадзіўся і сфарміраваўся як асоба і прафесіянал ён у Пінску. Для нас важна, што фестываль не толькі свята дойлідаў, мы хочам, каб гэты форум станавіўся магнітам для гараджан, каб людзі маглі пазнаёміцца з апошнімі работамі архітэктараў, знайсці нешта цікавае для сябе, выхаваць свой густ. Магчыма, на фестывальныя выстаўкі бацькі прывядуць сваіх дзяцей, якія здзівяцца ўбачанаму, і не выключана, што ў будучыні яны стануць архітэктарамі, — адзначыў намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый СЕМЕНЯКЕВІЧ.
Усяго за тры дні фестывалю пройдзе каля 40 выставак. Наведвальнікі Палаца мастацтва, дзе размясцілася экспазіцыя, змогуць азнаёміцца з усімі гранямі сучасных архітэктуры і дызайну. Тут і прэзентацыі завершаных і яшчэ не да канца рэалізаваных праектаў ад комплексаў міжнароднага значэння да прыватных дамоў і кватэрных інтэр'ераў. І індывідуальныя экспазіцыі скульптараў і мастакоў. Асобная пляцоўка выдзелена, здавалася б, такому простаму прадмету інтэр'ера, як крэсла, у стварэнні якога фантазія дызайнераў дакладна не ведае межаў. Зэдлік з вушамі слана ў ролі крылаў або крэсла, сядзенне якога зроблена з цвікоў, што тырчаць угору, — гэта яшчэ толькі «кветачкі»... Сярод удзельнікаў не толькі беларусы, можна, напрыклад, падрабязна пазнаёміцца з сучаснай архітэктурай Паднябеснай — ёю немагчыма не ўразіцца.
Што да біенале «Леанарда», то ў ім свае работы нароўні з беларусамі прадставяць маладыя архітэктары з 17 краін: Расіі, Малдовы, Украіны, Кыргызстана, Славеніі, Харватыі, Італіі, Грэцыі, Польшчы і іншых. Усяго — больш за 120 праектаў. Па словах старшыні Беларускага саюза архітэктараў Аляксандра Корбута, конкурс можна назваць унікальным. Такіх міжнародных форумаў сярод маладых архітэктараў усяго тры-чатыры ў свеце. У Міжнародным саюзе архітэктараў ён мае вялікую падтрымку. Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца 11 лістапада — у дзень закрыцця фестывалю.
Уваход на ўсе мерапрыемствы форуму вольны.
Дар'я КАСКО
kasko@zvіazda.by [4]
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-kasko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/arhitektura
[4] mailto:kasko@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-festyval-arhitektury
[6] https://zviazda.by/be/tags/arhitektura
[7] https://zviazda.by/be/tags/vasil-zharko