Сёння прадпрымальніцкія саюзы і асацыяцыі аб'ядноўваюць каля 10% бізнесменаў (у некаторыя гады лічба дасягала 20%). Наколькі тады іх бачанне адлюстроўвае меркаванне ўсіх прадпрымальнікаў і чаму іншыя прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу не імкнуцца стаць членамі "агульнага цэлага"? Гэту тэму абмеркавалі разам з саветнікам па эканамічных пытаннях Рэспубліканскага фонду садзейнічання развіццю прадпрымальніцтва Таццянай БЫКАВАЙ на семінары "Павышэнне якасці дыялогу паміж арганізацыямі падтрымкі бізнесу і органамі ўлады: інклюзіўнае прыняцце рашэнняў". Семінар сумесна арганізавалі Асацыяцыя еўрапейскага бізнесу і Канфедэрацыя бізнесу Літвы.
Апытанне спецыялістаў Інстытута прыватызацыі і менеджменту сярод прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу паказвае, што члены прадпрымальніцкіх саюзаў больш аптымістычна ацэньваюць дыялог паміж бізнесам і ўладай. Так, абсалютна станоўчую адзнаку ставяць 20% членаў і 9% нячленаў сярод апытаных. На іншым баку табліцы сярод тых, хто лічыць, што задача па вядзенні дыялогу зусім не выканана, знаходзяцца 8% членаў і 17% нячленаў прадпрымальніцкіх асацыяцый.
На думку Таццяны Быкавай, узаемадзеянне бізнесу і прадпрымальніцкіх саюзаў развіта слаба. Мабыць, таму і ацэнкі дыялогу з уладай так адрозніваюцца. З іншага боку, калі б прадпрымальнікі былі больш зацікаўлены ў такіх аб'яднаннях, яны б атрымлівалі больш фінансавання за кошт членскіх узносаў і маглі б развіваць свае экспертныя магчымасці і больш упэўнена прасоўваць ініцыятывы. Фармальна існуюць розныя формы дыялогу паміж дзяржавай і бізнесам, але іх неабходна напаўняць якаснымі прапановамі, інакш застаюцца не да канца задаволеныя абодва бакі.
Пры гэтым у саміх аб'яднаннях (за выключэннем галіновых) ёсць такі недахоп: яны займаюцца шырокім колам пытанняў, усімі праблемамі, а разбірацца аднолькава добра ва ўсіх сферах не магчыма. "Таму вельмі часта калі мы садзімся за стол перагавораў з прадстаўнікамі міністэрстваў — у нас міністэрстваў шмат і там сядзяць людзі, якія працуюць прафесіянальна і валодаюць інфармацыяй, — то мы выглядаем непераканаўча", — лічыць Таццяна Быкава. Выхадаў з такога становішча два: ці ў саміх аб'яднаннях развіваць аддзелы па кожнай галіне, ці абапірацца на адпаведныя галіновыя асацыяцыі. Калі ліквідаваць недахопы і выпрацаваць механізмы больш плённага ўзаемадзеяння па лініі бізнесоўца — саюз — дзяржава, тады можна будзе гаварыць пра павышэнне ролі прадпрымальніцкіх асацыяцый у фарміраванні эканамічнай палітыкі краіны.
Надзея АНІСОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-anisovich
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] mailto:anіsovіch@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzelavyya-abyadnanni