Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час сустрэчы з працоўным калектывам СЗАТ "БелДжы" пасля ўрачыстага адкрыцця прадпрыемства.
"Я ўжо забараніў па вертыкалі ўсім дзяржслужачым купляць імпартныя аўтамабілі. Мы ўжо некалькі дзясяткаў закупілі гэтых аўтамабіляў (Geely. - Заўвага БЕЛТА), і цяпер паступова будзе ісці замена - ад урада да старшыні райвыканкама, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - У нас гэта ўжо адбываецца, і мы гэта зробім".
Прэзідэнт адзначыў, што і самі работнікі завода павінны перасаджвацца на вырабленую імі машыну. Гэта будзе добрым паказчыкам якасці аўтамабіля. "Акрамя мяне, ваша кіраўніцтва разам з прадстаўнікамі Кітайскай Народнай Рэспублікі падумаюць, як прастымуляваць членаў працоўнага калектыву, каб яны перамяшчаліся на гэтым аўтамабілі. Калі вы вырабіце гэты аўтамабіль, сядзеце ў яго і будзеце перамяшчацца, гэта будзе самая вялікая рэклама", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Пасля заканчэння ўрачыстых мерапрыемстваў кіраўнікі кітайскіх кампаній падарылі Аляксандру Лукашэнку электрамабіль Geely, які пакуль не вырабляецца ў Беларусі. Прэзідэнт запэўніў, што абавязкова пратэсціруе машыну, тым больш яму ёсць з чым параўнаць яе: раней кіраўнік дзяржавы ўжо апрабаваў магчымасці электракара Tesla.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яшчэ лепшым падарункам для яго стане арганізацыя выпуску ў Беларусі надзейных электрамабіляў.
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://www.belta.by/
[2] https://zviazda.by/be/tags/beldzhy-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/geely
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka