У Мінску 25-26 лістапада адбудзецца XIII Міжнародны турнір Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь па інтэлектуальных гульнях "Шчыт і меч”.
Турнір праводзіцца пры падтрымцы Беларускай лігі інтэлектуальных каманд. Збярэцца 36 каманд, больш за 200 удзельнікаў з беларускіх і расійскіх ВНУ.
Нароўні са студэнтамі за перамогу будуць змагацца курсанты розных сілавых ВНУ Беларусі. Запланаваны ўдзел курсанцкіх каманд з Белгарада, Масквы, Ніжняга Ноўгарада, Разані. Маладыя праваахоўнікі па даўняй традыцыі гуляюць у форме сваіх ведамстваў.
Па правілах турніру ў кожную каманду ўваходзіць не больш за шэсць удзельнікаў не старэйшыя за 23 гады. Пераможцы будуць вызначаныя па выніках двух інтэлектуальных гульняў: “Эрудыт-квартэт” (субота) і “Што? Дзе? Калі?” (нядзеля).
Каманда-пераможца ўзнагароджваецца кубкам турніру, лепшая каманда сілавых ВНУ — адмысловым кубкам і граматай.
Турнір “Шчыт і меч” зарадзіўся ў 2005 годзе на следча-экспертным факультэце Акадэміі МУС па ініцыятыве курсантаў. Яму прысвоены статус турніра, які выводзіць на чэмпіянаты Беларусі і Еўропы па інтэлектуальных гульнях сярод студэнцкіх каманд. У мінулым годзе турнір "Шчыт і меч” прызнаны Беларускай лігай інтэлектуальных каманд лепшым студэнцкім турнірам краіны за 20 гадоў.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/shchyt-i-mech