Цяпліцы, палеткі, больш за шэсць тысяч пагалоўя буйнарагатай жывёлы, база адпачынку «Сасновая», 340 гектараў воднай гладзі і парк «Дубрава»... Каля 500 работнікаў. У Смалявіцкім раёне «Азярыцкі-Агра» — гэта цэлая сельскагаспадарчая «краіна» ў краіне. І, хочацца сказаць, адна з самых паспяховых у рэспубліцы. Кіраўнік гэтай гаспадаркі і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Ніна ЖАЛЯЗНОВА лічыць, што такое развіццё за апошняе дзесяцігоддзе не магло стаць магчымым без пастаяннага ўкаранення новых тэхналогій. Іх у «Азярыцкім-Агра» выкарыстоўваюць у асноўным з 2008 года. З таго часу і стала відавочна, што эфектыўнасць працы ў сельскагаспадарчай вытворчасці напрамую залежыць ад інавацый.
Пытанне не толькі прыбытку, але і працоўных месцаў
Першыя інавацыі ў гаспадарцы былі прыменены на цяплічным камбінаце. З 2006 па 2008 гады для яго будавалася новая кацельня, дзе выкарысталі найлепшае энергаэфектыўнае абсталяванне. Камбінату ўжо, як даросламу, сталаму чалавеку, — 34 гады, хоць лічыцца, што тэрмін яго амартызацыі — да 25 гадоў. На думку Ніны Жалязновай, сакрэт — у клапатлівым стаўленні спецыялістаў і тэхналагічнай эксплуатацыі камбіната службамі. У 2009—2010 гадах адбылася яго рэканструкцыя. З-за таго, што канструкцыі цяпліц (напрыклад, вышыню) змяніць немагчыма, памянялі тэхналогію догляду раслін.
«Зразумела, што мы не можам з-за высокай цаны на энерганосьбіты параўноваць сябе па сабекошце прадукцыі са шчодрымі на сонца краінамі, але затое якасць нашай агародніны такая, што яе з ахвотай забіраюць пакупнікі, — дзеліцца кіраўнік. — Да таго ж зараз на цяплічным камбінаце працуе каля 100 чалавек, 75 з якіх — жанчыны. Іх сярэдні ўзрост — 42 гады. Сярод іх многа маладых мам, шмат хто зараз у дэкрэтным адпачынку. Гэта амаль кожная пятая сям'я нашай гаспадаркі. І мы разумеем, што без работы, без прымянення сваіх прафесійных навыкаў, здольнасцяў, без заробкаў ім будзе няпроста. Таму стараемся прадоўжыць тэхналагічнае жыццё цяплічнага камбіната да таго часу, пакуль не зможам прыступіць да будаўніцтва новага».
Выкарыстоўваюцца новыя падыходы ў гаспадарцы і ў адкрытым грунце: у вырошчванні і захоўванні морквы, буракоў, бульбы.
У 2013 пабудавалі новае, адпаведнае сучасным тэхналагічным патрабаванням бульбасховішча на 10 тысяч тон, да таго ўжо былі пабудаваны сховішчы больш чым на тры тысячы тон (у гаспадарцы вырошчваюць каля 12 тысяч тон бульбы і прыкладна тысячу тон іншай агародніны). «Зараз яны цалкам запоўнены. Такім чынам мы можам зберагчы выкапаны ўвосень ураджай да вясны. Гэтую прадукцыю ў нас набываюць не толькі беларусы, але і пакупнікі з Узбекістана, Казахстана, Сербіі, Расіі», — расказвае Ніна Вікенцьеўна.
Тэхналогіі вучаць самадысцыпліне
Сельскагаспадарчая энергаёмкая тэхніка, якая працуе на палетках «Азярыцкага-Агра», — беларуская, амерыканская, нямецкая, галандская. «Таму ў нашых механізатараў ёсць магчымасць параўнання. Беларуская тэхніка, хачу адзначыць, з кожным годам становіцца ўсё лепшай, — кажа Ніна Жалязнова. — Трэба разумець, што замежныя брэнды існуюць стагоддзямі: у іх назапашана больш вопыту. А айчынная тэхніка пачала сваё самае інтэнсіўнае развіццё ў апошнія дзесяцігоддзі. Прыйдзе час — і беларуская сельскагаспадарчая тэхніка стане канкурэнтаздольнай у параўнанні з сусветна вядомымі маркамі».
На кожным трактары ў «Азярыцкім-Агра» ўстаноўлена сістэма даследавання расходу паліва і кірунку праезду — GРS. Кантралюе яе інжынер-эканаміст: ён мае электронны банк даных, у які ўнесена кожная адзінка тэхнікі, што працуе на палях. Да гэтай сістэмы была дапрацавана электронная карта палёў, у якой ёсць іх контуры, плошча. «У нас больш за 500 палеткаў, працягласць гаспадаркі да 60 кіламетраў. На кожны від работы нелагічна займаць брыгадзіра, які будзе ездзіць і перамяраць, хто колькі ўзараў, пасеяў... Акрамя таго, мы маем магчымасць аналітычна падысці да работы: пралічваем, як лепей арганізаваць працу тых, хто знаходзіцца далёка ў полі. Ці прапаноўваем кіроўцу адпрацаваць большую колькасць гадзін за дзень, але і атрымаць большую зарплату, ці пакінуць неўзараны ўчастак на наступны дзень, ці перайсці на іншыя палеткі, дапамагчы калегам. Гэта вучыць самакантролю і адказнасці механізатараў», — дзеліцца вопытам Ніна Жалязнова.
Без падзяжу і з высокімі ўдоямі
«У 2010 годзе мы былі другія ў краіне, хто ўвёў жывёлагадоўчы малочнатаварны комплекс для дойнага статка на 1000 галоў. Ён быў пабудаваны за кошт сродкаў нашага ўласніка — Белаграпрамбанка, а пасля перададзены нам у якасці матэрыяльнай падтрымкі. З таго часу комплекс наведала больш за 200 дэлегацый з розных прадпрыемстваў, якія вучыліся, як тэхналагічна выкарыстоўваць у сябе новую на той час тэхналогію. За сем гадоў малочнатаварны комплекс акупіў сябе не выручкай, а прыбыткам ужо на 98%. Хоць тэрмін акупання да 12 гадоў», — расказвае кіраўнік «Азярыцкага-Агра».
Удоі ў гаспадарцы добрыя — за год больш за 8 тысяч літраў малака на карову, а іх — 2360 галоў. Якасць малака — 100% гатунку «экстра».
Тут жа працуюць дзве ўласныя лабараторыі па даследаванні якасці малочнай прадукцыі. У асноўным яна ідзе на завод «Здравушка», што ў Барысаўскім раёне. На думку кіраўніка прадпрыемства, таксама важна выбраць фірмы-партнёры, якія ў далейшым будуць суправаджаць пэўныя кірункі работы гаспадаркі.
Раней у «Азярыцкім-Агра» існавала 14 фермаў, цяпер — 8. Пагалоўе статка з моманту гэтых змен павялічылася амаль на тысячу галоў. Прыбаўленне буйной рагатай жывёлы ў вазе значна павялічылася, амаль няма падзяжу — усё гэта таксама вынікі выкарыстання новых тэхналогій. «Старым фермам, некаторым з якіх было больш за 50 гадоў, мы далі новае жыццё: рэканструявалі, змянілі тэхналогію кармлення і ўтрымання на глыбокай падсцілцы. Цяпер бычкі вырастаюць за 12 месяцаў і важаць больш за 420 кілаграм. Захаванасць маладняку цялушак і тэхналагічнае ўтрыманне дае магчымасць займацца племпродажам. За 5 гадоў мы прадалі амаль 2 тысячы галоў для запаўнення малочнатаварных комплексаў Мінскай вобласці і краіны. — Сярэдні ўзрост адной каровы — пяць лактацый. А гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў нават па еўрапейскіх мерках, — кажа Ніна Вікенцьеўна. Увогуле, у сучасным свеце сельскую гаспадарку без новых тэхналогій уявіць немагчыма».
Найлепшыя інавацыі — сумленныя працаўнікі
І ўсё ж такі ў краіне яшчэ ёсць стратныя гаспадаркі. Чаму? Справа ў недастатковым фінансаванні, нежаданні працаваць ці нядобрасумленным стаўленні? «Мяркую, што праблема — у сістэме падпарадкавання. Не павінен горад кіраваць сялом, ёсць у гэтым нешта штучнае, — лічыць дырэктар «Азярыцкага-Агра». — Як кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства, лічу, што ў краіне і сярод чыноўнікаў не хапае аналітыкаў, эканамістаў, тэхнолагаў, здольных даць параду, як лепш арганізаваць вытворчасць у тым ці іншым напрамку. Напрыклад, мы часта атрымліваем указанні: калі, што і ў якой колькасці гаспадарцы трэба зрабіць. Але, па шчырасці, даведзеныя паказчыкі не заўжды супастаўныя з рэчаіснасцю.
Гаспадарка з задавальненнем нават даплаціла б чыноўнікам-спецыялістам, якія б не толькі даводзілі выкананне тых ці іншых паказчыкаў, а выступалі як кансультанты, партнёры ў справе, якую мы робім разам. Такія спецыялісты былі б на вагу золата».
На думку Ніны Жалязновай, крыніца поспеху ў любой справе — дысцыпліна. І задаваць яе павінен кіраўнік. «Сакрэт яшчэ і ў сімбіёзе паміж маладым пакаленнем і сталым. Старэйшым важна падтрымаць ініцыятыву маладых, маладым — вучыцца вопыту ў сталых. Я з вялікай любоўю стаўлюся да моладзі, што прыходзіць да нас. Для гаспадаркі — гэта «свежы подых» у калектыве, а для маладых спецыялістаў — магчымасць пераняць веды, якія ў тэорыі ніяк не атрымаеш. Яны праходзяць нашу школу працы, а гэта ж таксама інавацыі, якія нідзе не зарэгістраваны. А чым больш інавацый, новых тэхналогій, тым цікавей і эфектыўней працаваць».
Для таго каб уладкавацца на працу ў «Азярыцкі-Агра», людзі прыязджаюць з усіх абласцей краіны. Але на пастаянную работу застаюцца адзінкі. Ніна Вікенцьеўна лічыць, што многія папросту не вытрымліваюць тэмпу. Каб механізатар мог мець зарплату да 2000 рублёў, трэба працаваць не 7 гадзін, а перавыконваць нормы з выдатнай якасцю. «Сапраўдны адказны работнік прыйдзе на працу загадзя, застанецца пасля заканчэння працоўнага дня, каб даглядзець тэхніку, за якую адказвае», — кажа Ніна Жалязнова. Такая эфектыўная работа і адказнае стаўленне да справы не толькі па-чалавечы, але і грашова высока цэняцца.
Высокакваліфікаваны спецыяліст і жыллё атрымае, і сям'я яго будзе добра ўладкавана. Але перадусім тут — адказнасць, сумленнасць і працавітасць чалавека. І матывацыя — не толькі зарабіць грошы, але і выканаць даручаную справу годна, каб не падвесці калектыў.
Вераніка ПУСТАВІТ
Смалявіцкі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/selskaya-gaspadarka
[4] mailto:рustаvіt@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/selskaya-gaspadarka
[6] https://zviazda.by/be/tags/nina-zhalyaznova
[7] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne