Заключны трэніровачны этап біятланісты правялі ў нарвежскім Шушэне, адкуль асноўная каманда пераехала ў Эстэрсунд, таму што ўжо ў нядзелю, 26 лістапада, у Швецыі стартуе Кубак свету па біятлоне сезона 2017/2018. Пачнецца ён са змяшанай эстафеты і супермікста. Трэнеры зборнай уключылі ў склад наступных спартсменаў: Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дар'я Юркевіч, Надзея Пісарава, Крысціна Ільчанка, Уладзімір Чапелін, Сяргей Бачарнікаў, Раман Ялётнаў і Максім Варабей.
Незадоўга да старту мы вырашылі ўспомніць, як спартсмены праводзілі міжсезонне і падрыхтоўчы перыяд.
Па сацыяльных сетках лідара зборнай, трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Дар'і Домрачавай складваецца ўражанне, што ў спартсменкі зусім не было адпачынку. Літаральна адно фота з сям'ёй і Дар'я разам з мужам, адным з самых тытулаваных біятланістаў Уле-Эйнарам Б'ёрндаленам, ужо зноў трэніруюцца.
У маі Дар'я адправілася ў горы, каб там правесці шэраг велатрэніровак, іх яна чаргавала з нагрузкамі ў трэнажорнай зале.
У швейцарскіх Альпах спартсменка была не адна, кампанію ёй склаў муж і дачка.
Ненадоўга Дар'я паспела зазірнуць у Мінск, акрамя сустрэчы з роднымі і сябрамі, Домрачава правяла трэніроўку з камандай Dream team, якая ў той час якраз рыхтавалася да Мінскага паўмарафону.
Зіма ў жыцці спартсменкі з'явілася значна раней, чым у асноўнай часткі беларусаў - у жніўні сям'я біятланістаў прыступіла да трэніровак на снезе.
"Хтосьці падумае, што гэта НЛА пакінула такі адбітак, але мы ведаем, - гэта наша лыжная траса", - напісала Домрачава.
Перыядычна Дар'я песціла сваіх падпісчыкаў проста прыгожымі краявідамі. "Выдатны від ва ўзнагароду за добра праведзеную трэніроўку", - напісала яна пад адной са сваіх фатаграфій.
Калі Дар'я Домрачава рыхтавалася да сезону па індывідуальным плане, то Надзея Скардзіна правяла значна больш часу з камандай. Ужо ў маі дзяўчаты ўзяліся за падрыхтоўку да Алімпійскага сезона. Спачатку яны селі ў лодкі...
... а потым на ровары.
А Надзея яшчэ паспела пагуляць у пляжны валейбол і наведаць родны Санкт-Пецярбург.
У кастрычніку і лістападзе дзяўчаты правялі шэраг збораў у Фінляндыі, Надзея пасля цяжкіх трэніровак з асаблівым задавальненнем назірала за выдатнымі заходамі сонца.
Надзея Пісарава эксперыментавала, адкрывала ў сабе кулінарныя здольнасці і захаплялася дэльфінамі.
Прадстаўнікі мужчынскай зборнай маюць куды менш актыўныя сацыяльныя сеткі. Сяргей Бачарнікаў, напрыклад, за гэты перыяд паспеў зрабіць сэлфі з Б'ёрндаленам, а Раман Ялётнаў "зачыкініцца" ў Сочы.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Выкарыстаны фота з сацыяльных сетак спартсменаў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/biyatlon
[5] https://zviazda.by/be/tags/darya-domrachava
[6] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-skardzina