Беларусь гатова пабудаваць у Грузіі лядовую арэну і біятлонны стадыён, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сёння на сустрэчы са старшынёй парламента Грузіі Іракліем Кабахідзэ.
"Нам вядома, што ў Грузіі мяркуецца ўзвядзенне лядовай арэны, біятлоннага стадыёна, цэнтра скачкоў з трампліна алімпійскага стандарту. У нашай краіне маюцца кампетэнцыі, каб прапанаваць такія праекты. Вы можаце паглядзець на іх - у нас ёсць лядовыя палацы, біятлонны комплекс у Раўбічах" , - адзначыў Андрэй Кабякоў. Ён прапанаваў развіваць супрацоўніцтва паміж праектнымі і будаўнічымі арганізацыямі дзвюх краін і заявіў, што Беларусь таксама гатова падзяліцца вопытам развіцця гарадскіх тэрыторый і асобных рэгіёнаў.
Паводле яго слоў, Грузія - важны партнёр краіны ў Закаўказзе. Беларусь разлічвае актывізаваць двухбаковыя кантакты ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, нафтахіміі, фармацэўтыцы, гуманітарнай сферы. "Шэраг вядомых беларускіх брэндаў - Мінскі трактарны завод, "Магілёўліфтмаш", МАЗ і іншыя - хацелі б менш часу марнаваць на пошук надзейных партнёраў, з кім можна было б гарантавана рэалізоўваць праекты. Таму нам важныя вашы рэкамендацыі, на каго можна пакласціся, каб рэальна атрымаць у адносна кароткі, разумны прамежак часу максімальную аддачу", - растлумачыў прэм'ер-міністр.
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://www.belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/andrey-kabyakou
[3] https://zviazda.by/be/tags/gruziya