Учора адбылося чарговае пасяджэнне трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, на якім дэпутаты разгледзелі 8 пытанняў. Сярод іх — законапраект, які датычыцца лібералізацыі бізнесу і паляпшэння ўмоў для яго вядзення. Парламентарыі прынялі ў першым чытанні папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных парушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Вадзім ІПАТАЎ, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, адзначыў, што законапраект істотна скарачае сферу прымянення канфіскацыі маёмасці і пераносіць акцэнт на прафілактычныя меры. Пасля ўступлення ў сілу паправак канфіскоўваць тавар у прадпрымальнікаў цяпер стануць значна радзей: часцей будзе ставіцца пытанне аб кампенсацыі нанесенай шкоды, каб даць у далейшым магчымасць уцягнуць маёмасць у легальны абарот з выплатай адпаведных падаткаў. Разам з тым канфіскацыя для прадпрымальнікаў, як і раней, будзе прадугледжана за маёмасць, забароненую да абароту: экстрэмісцкія матэрыялы, недабраякасная прадукцыя, фальсіфікаваны алкаголь і інш.
Уладзіслаў ШЧЭПАЎ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па эканамічнай палітыцы, станоўча ацаніў змены, якія ўнесены ў законапраект да першага чытання, але лічыць іх недастатковымі. «Ёсць пэўныя артыкулы, якія набілі аскому нашаму бізнесу», — лічыць старшыня камісіі. Ён прапаноўвае перагледзець пытанне, якое датычыцца магчымасці канфіскацыі ці кратнага штрафу ў асобных выпадках. Вадзім Іпатаў станоўча ацаніў агучаную ідэю і прапанаваў яе ўнесці падчас другога чытання. Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, у сваю чаргу, скіраваў дэпутатаў ніжняй палаты парламента не зацягваць з разглядам законапраекта, які трэба ўхваліць да канца бягучай сесіі.
Падчас пасяджэння дэпутаты таксама падтрымалі законапраекты, датычныя міжнародных дагавораў і адносін, тарыфаў на прыродны газ, геаграфічных назваў і навуковай сферы.
Вераніка ПУСТАВІТ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] mailto:pustavіt@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/palata-pradstaunikou
[5] https://zviazda.by/be/tags/deputataty
[6] https://zviazda.by/be/tags/zakonapraekt-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/biznes
[8] https://zviazda.by/be/tags/administracyynyya-pravaparushenni