Аляксей Арцёмаў
нарадзіўся 27 сакавіка 1991 года ў Туле. Выпускнік Тульскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Друкаваўся ў часопісе «Маладосць», газеце «Літаратура і мастацтва» і іншых выданнях, аўтар кнігі «Скрозь кіламетры» (2016). Тройчы спрабаваў напісаць вялікую паэму, але нічога вялікага так і не напісаў.
ДАРОГА Ў ЦІШЫНЮ
***
Брызгліна
Да яроў, брызглінаю парослых,
Вабіць затуманены прасцяг…
Мой шалёны лёс саткаў на кроснах
Посцілку бязладнага жыцця:
Колераў і ліній куламеса,
Мітусня з хваробай напалам…
Я пакуль жывы. Займаю месца.
Толькі што я людзям перадам?
Што запомняць? І якія словы
Высеча на помніку гравёр?
«Нарадзіўся неабавязковым.
Неабавязковым і памёр»?
Не! Не трэба помнікаў. Як згіну,
Як растану ў промнях і траве,
Пасадзіце на двары брызгліну —
Хай яна, патрэбная, жыве.
Хай свабоднай вырасце, не скутай,
Хай чакае цёплую пару
І частуе ягаднай атрутай
Дробных птушак, звыклых да атрут.
***
Празрыстая, як ліпавыя шаты,
Далёкая, як жоўтыя агні,
Да шчасця даляціш… Але спярша ты
Смугой халоднай плечы ахіні.
Увойдзеш у смугу — і станеш жрыцай,
Здабудзеш сілу ў травах і вадзе.
Душа твая патрапіць адрадзіцца,
Дзе сонны бераг і разлівы, дзе
Начуе сонца між сцяблін чароту,
А ўдзень яно — напаленая ніць…
Там толькі час, туман і адзінота,
І цішыня бясконцая звініць.
Знайсці спакой і смерць сярод туману —
Адзіны лёс, табе наканаваны.
***
Баян буркуе. У двары
Напаўразбуранага дома
Матыў прыцішаны стары
Гучыць утульна і знаёма.
Калісьці сад ля дома цвіў,
Збіраліся ў нядзелю госці…
Жыццё кароткае наўздзіў,
Ніяк не вернеш маладосці.
Не знойдзеш згадак анідзе
Пра нараджэнні ці хаўтуры,
Ніхто не ўспомніць тых людзей
У дзень кастрычніцкі пануры.
Спусцелы дом… Якой бяды
Не бачыў ты? Якога ліха?
Цяпер дзівак прыйшоў сюды
І на баяне грае ціха.
І верыць ён, што людзі зноў
Прыедуць — і сабе не здрадзяць…
Як вы, сыны гаспадароў?
Ці добра жывяце ў Канадзе?
Ціша
Ні святла наўкол, ні агню,
Толькі блякне над полем ветах.
Уплятаецца ў цішыню
Лёгкі водар далёкіх кветак.
Змоўкне вецер праз сем хвілін,
Апануе зямлю нямота.
Лёгка верыць, што ты адзін.
Прыйдзе міг — і не ўспомніш, хто ты,
І не скажаш, каторы год
Цішыня адступаць не хоча…
І апошні цягнік на ўсход
Засынае ў абдымках ночы.
Так, ты выйграла, цішыня,
Я знікаю ў нямым палоне.
Як малое багавяня,
Прыпаўзаю ў твае далоні.
Ноч нядоўгая. Будзе днець,
І адчыняцца ў прышласць дзверы…
Цішыня, забяры мяне!
Я не гукам — маўчанню веру.
Тэнесійскі вальс
Як хочацца — хоць плач, хоць галасі,
Каб вывела дарога ў Тэнесі,
Ці ў Джорджыю, дзе я не быў ніколі,
Ці ў Грузію… Цяпер усё адно.
«Еш персікі, пі лёгкае віно,
Глядзі на горы, пазбаўляйся болю», —
Сказаў бы я сабе, каб грошы меў,
Але даўно ў кішэнях ветрык дзьме.
На гэтым свеце не бывае цудаў:
Раз вандраваць без грошай не з рукі,
Хадзі, нябожа, палівай гуркі
Ды пасміхайся, як схуднелы Буда.
Нярадасныя думкі ў галаве,
Хаця... Навошта скардзіцца на свет?
Я сам ва ўсіх праблемах вінаваты.
Зноў на гурочнік жоўты лью ваду
І думаю: вось-вось збягу, сыду…
А нада мной — бялейшыя за вату
Лятуць аблокі. Ці не з Тэнесі,
Дзе сонны месяц над гарой вісіць,
Паказвае бурштынавыя рогі?
Аблокі пазіраюць на людзей,
А нас турбота па зямлі вядзе,
І мы пражыць не можам без трывогі.
***
З балкона ўранку я глядзеў,
Як прачынаўся горад сонны:
Далёка ўнізе, на вадзе,
Чарнелі птушкі-парасоны.
Плылі па лужынах адны,
Другія лёталі зазвычай,
А трэція, як каршуны,
Шукалі лёгкую здабычу.
Навокал пазіраў я зноў,
Хацеў у валадарстве слоты
Між вераб'ёў і каршуноў
Знайсці дзівосную істоту.
Натоўп разліўся, як рака,
А я ўглядаўся ў змрочны шэраг:
Цудоўны парасон шукаў
Паміж звычайных чорна-шэрых.
Знайшоў! Панёсся наўздагон,
Дабег нарэшце — вось удача!
Я зазірнуў пад парасон
І... сам сябе пад ім убачыў.
***
Пажоўклае кастрычніцкае лісце
Пад тонкімі абцасамі пяе,
А мне б на пяць хвілін з кватэры выйсці,
І, быццам незнарок, сустрэць яе.
Пазабываў бы крыўды, злосць і пыху
І павітаўся проста, як заўжды,
Каб побач з ёю пастаяць, падыхаць
Парфумай лёгкай — водарам бяды.
Але сяджу ў абрыдлым доме гэтым,
За шыбінай плыве жаночы цень…
Што робіць адзінотніка паэтам?
Не, не каханне. Мыліцы ў куце.
***
Паўзе да сонца дзікі вінаград —
Зяленіць ён празрыстую прастору.
За агароджай — рэгулярны сад,
А па-над ім паветранае мора.
На дыбачках зайду за жываплот,
Убачу: ты малюеш сад і лета.
Няўжо пазбавіць можа ад турбот
Цябе занятак несучасны гэты?
Не ацаню я працы мастака,
Але малюй. Перашкаджаць не буду.
Няхай твая пяшчотная рука
Цяпер алоўку давярае цуды.
Вядзе мяне дарога ў цішыню.
Як добра, што трава прыглушыць крокі…
Я ўжо цябе ніколі не прысню:
Лаза чужою стала, сад — далёкім.
***
Я засумаваў без дай прычыны
(Так заўжды маркоціцца бядак),
Хоць люблю звычайную жанчыну,
Простую, як ціхая вада.
Так, люблю — заспанай, у халаце...
Для мяне яна запарыць чай.
Добрая, падобная да маці,
Да майго прытуліцца пляча.
Я цяпер памалу прывыкаю,
Слухаю, як дыхае яна,
Вось ужо шапчу ёй: «Дарагая»,
І скажу калісьці: «Ты адна...»
Не кахаю, бо зусім не ўмею,
А любоў у сэрцы пранясу.
Толькі хто падорыць мне надзею,
Што аднойчы знікне горкі сум?
***
…я кажу — цячы, рака!
і рака цячэ.
Наста Кудасава
Ад шкарлятынавай лускі
На скуры дрэваў пачарнелых
Я збег — і выйшаў да ракі,
І на ваду гляджу нясмела.
Якая моц у глыбіні,
Як многа сонца ў крыгах першых!
Сівыя снежаньскія дні
Звіняць радкамі новых вершаў.
Але рака цяпер маўчыць.
На беразе паснулі вёскі,
І снежань на маім плячы
Сядзіць, як белы сокал свойскі.
Праз тыдзень прыйдуць халады —
Так і раней было заўсёды.
Загадкавы сусвет вады
Замрэ пад прасціною лёду.
Як на зіму ні наракай,
Яе парадкаў не аспрэчыш…
А я шапчу: «Цячы, рака!» —
І снег кладзецца мне на плечы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/maladosc-2
[2] https://zviazda.by/be/tags/paeziya
[3] https://zviazda.by/be/tags/alyaksey-arcyomau-0