Так атрымалася, што Калядзіцкі сельскі Дом культуры ледзь не адзіная ў раёне ўстанова названай галіны, якая дажыла да нашых дзён без капітальнага рамонту. СДК быў узведзены яшчэ ў савецкія часы перадавым калгасам, які ўзначальваў Герой Сацыялістычнай Працы Яўген Кудзінаў. Цяпер гаспадарка называецца «Агра-Калядзічы». Дык вось, на балансе гэтага сельгаспрадпрыемства вясковая культурная ўстанова была даўжэй за ўсе іншыя. А калі ДК усё ж перадалі аддзелу культуры, грошай на рэалізацыю такіх вялікіх праектаў там не знайшлі.
Такім чынам, Дом культуры ў Калядзічах, дзе праходзіць шмат мерапрыемстваў, куды на рэпетыцыі збіраюцца ўдзельнікі самадзейнасці, дзе працуюць дзіцячыя гурткі харэаграфіі і іншых відаў мастацтва, сустрэў 2017 год у вельмі непрывабным стане. Дах працякаў, у залах і пакоях для заняткаў сцены былі спрэс абшарпаныя, а за санвузлы сорамна было перад людзьмі... І нельга сказаць, што кіраўніцтва раёна аб праблеме не ведала, бывалі тут раней і старшыня райвыканкама, і яго намеснікі... Але калі ў самым пачатку года прыйшло пісьмо, пад якім падпісалася ледзь не большасць жыхароў аграгарадка Калядзічы, у вёсцы прызначылі сход.
— На сход прыйшло нашмат больш людзей, чым паставіла подпісы пад зваротам, — расказала старшыня Хараўскога сельскага Савета дэпутатаў Алёна ПСТЫГА. — Вяскоўцы зноў выказалі сваю просьбу кіраўнікам раёна, на гэты раз не пісьмова, а вусна — у той самай глядзельнай зале, якая ўсім сваім выглядам маліла пра абнаўленне. Тады ж было прынятае рашэнне шукаць сродкі і пачынаць рамонт. Частку грошай выдзелілі з раённага бюджэту, прафінансаваць замену даху ўзялося ААТ «Агра-Калядзічы».
Зараз зроблена вельмі многа, сцвярджае кіраўнік мясцовай улады. Яшчэ ў маі на Доме культуры з'явіўся новы дах, адрамантаваны залы для заняткаў харэаграфіяй, а таксама бібліятэка, увесь другі паверх абноўлены. Сучасны выгляд набылі санвузлы. І да 1 снежня будаўнікі абяцаюць завяршыць гэты этап рамонту. На наступны год застаюцца глядзельная зала, фасад, дзверы, некаторыя вонкавыя канструкцыі. Галоўнае, што на Дзень работніка сельскай гаспадаркі тут праводзілі канцэрт і людзі засталіся вельмі задаволеныя. «Усе лічаць, што штуршком да пачатку рамонту стала менавіта калектыўнае пісьмо», — заключыла Алёна Рыгораўна.
Начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Пружанскага райвыканкама Алена ХАТУЛЕВА паведаміла, што за 10 месяцаў гэтага года падчас прамых ліній, выязных прыёмаў, а таксама па пошце ў райвыканкам паступіла 430 зваротаў. 92 з іх былі задаволеныя, 33 знаходзяцца ў стадыі разгляду. Па астатніх прынятыя адпаведныя рашэнні, напрыклад, у 250 выпадках заяўнікам дадзена тлумачэнне.
Алена Хатулева адзначае, што пастаянны характар маюць просьбы, якія датычацца добраўпарадкавання тэрыторый населеных пунктаў, нярэдка гаворка ідзе пра знос старых або аварыйных дрэў. Напрыклад, на прамую лінію да намесніка старшыні райвыканкама паступіла просьба знесці старое дрэва ў вёсцы Сілічы. Пры выездзе на месца спецыялісты ўпэўніліся, што дрэва пагражала пабудове, таму было прынятае рашэнне яго спілаваць. Работы выканала брыгада раённых электрасетак. На тэлефонную лінію да другога намесніка старшыні райвыканкама патэлефанавалі жыхары вёскі Юндзілы. Яны прасілі правесці ямачны рамонт участка дарогі Клепачы — Варанілавічы — Юндзілы. Гэту работу аператыўна правялі дарожнікі Пружанскага ДРБУ-140.
Аналіз зместу зваротаў нярэдка паказвае наяўнасць тых ці іншых сацыяльна-эканамічных праблем. Напрыклад, жыллёвы фонд былых ваенных гарадкоў, якіх пад Пружанамі некалькі, таксама перыядычна патрабуе рамонтных работ. Вось і сёлета зарэгістраваны звароты з такіх гарадкоў.
Нярэдкія і нараканні на абслугоўванне гарадскіх і вясковых шматкватэрных дамоў, якія таксама маюць немалы ўзрост. У некаторых выпадках пасля звароту ўдавалася правесці рамонт, у іншых — тлумачылі людзям, калі іх дом можа быць уключаны ў план па рамонце ў залежнасці ад фінансавання.
Апошнім часам назіраецца спад колькасці пісьмовых і вусных зваротаў, канстатуе начальнік аддзела. На яе думку, такому становішчу ў многім спрыяе сістэма работы са зваротамі, выбудаваная ў раёне. Раз на квартал на прыёмы ў вёску выязджае кожны намеснік старшыні райвыканкама. Старшыня райвыканкама Міхаіл Крэйдзіч праводзіць выязны прыём грамадзян кожны месяц. Раней кіраўнік раёна найчасцей слухаў людзей у пасёлках Ружаны, Шарашова, іншых самых буйных населеных пунктах. А калі там стаў заўважацца спад колькасці ахвотных пагутарыць са старшынёй, адрасы выязных прыёмаў сталі мяняцца.
Работнікі аддзела вядуць пастаянны маніторынг — з якой мясцовасці назіраецца рост колькасці пісьмаў і званкоў, тую і выбіраюць для наступнага прыёму кіраўніка. І гэта дае станоўчы эфект. Дастаткова сказаць, што зваротаў у вышэйстаячыя інстанцыі з раёна ў гэтым годзе паступіла на 64 працэнты менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Рэгулярна ў раёне ладзяцца прыёмы службовымі асобамі абласных і рэспубліканскіх кіруючых органаў. Не так даўно праходзіў выязны прыём начальніка галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Юрыя Крывашэева, да якога звярнуліся восем жыхароў раёна — кожны са сваім пытаннем. Напрыклад, жыхар горада прасіў выдзеліць на тэрыторыі раёна ўчастак зямлі для вядзення сялянска-фермерскай гаспадаркі, другі хацеў адрамантаваць балкон у сваёй прыватызаванай кватэры. У абодвух выпадках просьбы былі задаволеныя. Варта адзначыць, што раней названыя грамадзяне не звярталіся ні ў адну раённую інстанцыю, інакш іх праблемы былі б вырашаныя на мясцовым узроўні, паведамілі ў райвыканкаме. Але ж законнае права грамадзян — звяртацца з пытаннем да любой службовай асобы, і гэтым правам людзі карыстаюцца.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Пружанскі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:yackevіch@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/zvaroty-gramadzyan