Фотаздымак Анастасіі МАЛЧАНАВАЙ даслала яе цётачка Вольга Кісель.
«Маёй пляменніцы і хрэсніцы сем гадоў, яна першакласніца Расонскай сярэдняй школы імя П. М. Машэрава. Наста ў нас вельмі творчая. Яна займаецца спевамі і маляваннем. І ўжо ёсць вынікі: гэтым летам яна перамагла ў раённым конкурсе мясцовага касцюма «Расоначка», які праводзіўся ў рамках маладзёжнага культуралагічнага праекта «Беларусь — крыніца натхнення». У мінулым годзе малюнак пляменніцы заняў першае месца ў рэспубліканскім конкурсе «Сям'я. Служым разам». Бацькі Насты працуюць у міліцыі. Мая пляменніца вельмі добрае і ласкавае дзіця, яна ахвотна бавіць час з мамай і татам, гуляе з малодшым брацікам Уладзікам. Нягледзячы на малы ўзрост, дзяўчынка ўжо вызначылася са сваёй будучай прафесіяй: яна марыць быць ветурачом, бо вельмі любіць жывёл і шмат пра іх ведае. Я веру, што ў нашай Настачкі, як і ва ўсіх дзетак-беларусаў, мары спраўдзяцца! На маю думку, да фотаздымка падыходзяць радкі Янкі Купалы:
«— Як сама царыца
Ў залатой кароне,
Йдзе яна ў вяночку
Паміж спелых гоняў...
Вецер абнімае
Стан яе дзявочы,
Сонца ёй цалуе
Шыю, твар і вочы...»
Шаноўныя мамы і таты, бабулі і дзядулі! Шчыра запрашаем вас прыняць удзел у конкурсе «Беларусікі». Дасылайце здымкі вашых дзетак, унукаў, а можа, нават і праўнукаў (з невялічкім аповедам) на адрас «Звязды». Але адна ўмова — каб, зірнуўшы на фота, адразу ж можна было зразумець, што гэта беларусік. Арыгінальнасць і творчы падыход вітаюцца! Аднаго з герояў, якога мы ўбачым на здымках, чакае прыз!
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarusiki-0