— Я пяць гадоў была замужам за італьянцам. Жылі ў Неапалі, набылі там за грошы мужа невялічкую кватэру, нарадзілі сына. Пасля мы скасавалі шлюб, я з малым вярнулася на радзіму. Ці маю я нейкае права на тую маёмасць і ці можа наш сын разлічваць на спадчыну італьянскага бацькі? Вольга Д., г. Мінск.
На пытанне адказвае Марына ЖАНДАРАВА, начальнік аддзела выканання міжнародных дагавораў упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства юстыцыі Беларусі:
— Права на замежную маёмасць, згодна з дагаворамі аб прававой дапамозе, рэгулюецца законамі дзяржавы, на тэрыторыі якой яна знаходзіцца. Дагаворы аб прававой дапамозе рэгулююць вялікі спектр пытанняў: прызнанне дзеяздольным ці адсутным без вестак, устанаўленне факта смерці, заключэнне або скасаванне шлюбу, вызначэнне асабістых і маёмасных праваадносін мужа і жонкі, бацькоў і дзяцей у змешаных шлюбах, атрыманне спадчыны, прызначэнне апекі, кампенсаванне шкоды і іншыя.
Узнікненне або спыненне права ўласнасці ці іншага маёмаснага права на маёмасць абумоўліваецца законам краіны месца знаходжання гэтай маёмасці на той момант, калі меліся абставіны, што сталі падставай такога права. Калі ж маёмасць з'яўляецца прадметам здзелкі, то ўзнікненне ці спыненне права ўласнасці вызначаецца законам краіны, дзе яна была здзейснена (калі іншае не прадугледжана пагадненнем бакоў).
А вось права ўласнасці на транспартныя сродкі, якія падлягаюць унясенню ў дзяржаўныя рэестры, вызначаецца, напрыклад, законам дзяржавы, дзе гэты сродак зарэгістраваны.
Дзякуючы міжнародным дагаворам беларусы могуць атрымаць замежную спадчыну на тых жа ўмовах і ў тым жа аб'ёме, што і ўласныя грамадзяне краіны. Права атрымання ў спадчыну вызначаецца законам апошняй краіны, дзе жыў спадчынадавец. У дачыненні да нерухомай маёмасці дзейнічаюць законы краіны, дзе яна знаходзіцца.
Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу [3]. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста і іншых ведамстваў мы будзем шукаць на іх адказы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:sіdаrоk@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/pravavaya-gascyounya
[5] https://zviazda.by/be/tags/minyust