Мабільныя брыгады афтальмолагаў наведваюць дзяцей непасрэдна ў школах. Для гэтага падрыхтаваны спецыяльныя аўтамабілі, набыта абсталяванне, арганізавана работа ўрачоў. Такім чынам Беларускі дзіцячы фонд і кампанія velcom зноў аб'ядноўваюць намаганні, каб у 2018 годзе брыгады ўрачоў-афтальмолагаў агледзелі дзяцей там, дзе ёсць дэфіцыт вузкіх спецыялістаў.
На працягу 2016 і 2017 гадоў праект рэалізоўваўся ў 19 раёнах Магілёўскай і 14 раёнах Гомельскай абласцей. Усяго было абследавана 25 тысяч дзяцей. Паводле слоў намесніка дырэктара БДФ Ірыны ЧАРНЯКОВАЙ, на Гомельшчыне праблемы са зрокам былі выяўлены ў 35 працэнтаў агледжаных дзяцей, прычым фактычна палова даведалася аб гэтым упершыню. Школьнікі праходзілі абследаванне на некалькіх апаратах, атрымлівалі рэкамендацыі, рэцэпты на медыкаменты і акуляры, а ў сур'ёзных выпадках — накіраванне на паглыбленую дыягностыку і лячэнне ў абласныя і рэспубліканскія цэнтры.
Любыя негатыўныя змяненні зроку ў дзіцячым узросце могуць прагрэсіраваць вельмі хутка. Таму важна выявіць іх на самай ранняй стадыі.
— Смартфоны, планшэты ўплываюць на дзіцячы зрок, а таму і значэнне ранняй дыягностыкі ўзрастае, — кажа начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў СМІРНОЎ. — Зараз мы актыўна вывучаем магчымасці прымянення ў школах мабільнага рэфрактометра — гэта кампактная трубка, якая лёгка мацуецца да экрана смартфона. Патрабуецца толькі спампаваць мабільную праграму. А пасля дастаткова глядзець у трубку — праграма нас прадыягнастуе. Прылада гэта не медыцынская, але дазваляе правесці самую першую дыягностыку.
Міяпія, гіперметрапія, астыгматызм — тое, што сапраўды становіцца вельмі распаўсюджаным па меры развіцця грамадства, і што важна выяўляць як мага раней, каб папярэдзіць вялікія праблемы ў будучыні.
Сродкі на рэалізацыю праекта «Я бачу!» будуць сабраныя падчас восьмай дабрачыннай каляднай ініцыятывы velcom «Рабіць дабро так проста!». Кожнае падключэнне на любы з тарыфных планаў «Камфорт» і «Камфорт+» з 1 па 31 снежня ператворыцца ў 5 рублёў, якія кампанія накіруе на дабрачынны рахунак са свайго прыбытку.
Святлана БАРЫСЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] mailto:protas@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/velcom-a1
[6] https://zviazda.by/be/tags/ya-bachu-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/dzeci