Так казалі наведвальнікі выстаўкі памяці знакамітага беларускага мастака Юрыя Гаўрына ў Палацы мастацтваў. Гэта першая экспазіцыя, якая была арганізавана ўжо без пільнага вока майстра. Мантаж выстаўкі ажыццяўляла ўся сям’я мастака. І сын, і дачка, і жонка — усе жадалі, каб на выстаўцы адчувалася прысутнасць майстра. Яны ўклалі вялікія намаганні ў тое, каб глядач адчуў не проста талент і прафесіяналізм творцы, а зразумеў, якой чыстай і цёплай была яго душа.
— Нядзіўна, шмат людзей сабраліся, каб ушанаваць памяць Юрыя Гаўрына, — адзначыў старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. — Ён настолькі быў светлы, чысты, што іншыя да яго цягнуліся. Мастакі сваімі творамі зарабляюць прывілей: калі чалавек адыходзіць, мастак усё роўна застаецца. Творы і ёсць вялікі паказчык нашай сутнасці, праз іх чалавек разумее, нашто мы прыходзілі ў гэты свет, што пасля сябе пакінулі. Юрый Васільевіч пакінуў цудоўную сям’ю і шмат якаснага мастацтва.
Сюжэты абсалютна розныя: ёсць пейзажы краіны, ёсць адсылка да міфалогіі і рэлігіі, нават псіхадэлічныя партрэты. З’яўляючыся мастаком манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, разам з буйнамаштабнымі роспісамі, вітражамі і рэльефамі ў грамадска значных будынках Юрый Васільевіч пісаў жывапісныя творы лірычнага зместу. Цяжкія пасляваенныя гады дзяцінства і юнацтва Юрыя Васільевіча былі звязаныя з невялікім мястэчкам Дуброўна ў Віцебскай вобласці: менавіта гэтым мясцінам ён прысвяціў значную частку жывапісных станковых і манументальных твораў. Нямала ў яго творчасці і карцін-малітваў.
— Гэтая выстаўка мае адценне светлага суму: яна першая пасля таго, як Юрый Васільевіч пайшоў ад нас, — падкрэсліў беларускі дзяржаўны дзеяч і дыпламат, сябра сям’і Сяргей Мартынаў. — Як быццам крыху сонца ў халоднай вадзе. Мастак быў, бясспрэчна, чалавекам і мастаком з вялікім сэрцам і вялікім прасторам уяўлення. У экспазіцыі я ўбачыў творы, якія пісаліся дзесяцігоддзі таму, але да сённяшняга дня актуальныя і глыбокія.
Юрый Васільевіч шмат гадоў выкладаў жывапіс і малюнак у Беларускім інстытуце сучасных ведаў А. М. Шырокава. Ён хацеў, каб студэнты зразумелі, як працаваць па прынцыпах старой мастацкай школы і што акадэмічныя веды нават у сучасных умовах патрэбныя для дасягнення прафесіяналізму.
— Ён вельмі любіў працаваць са студэнтамі ў індывідуальным парадку, каб разгледзець патэнцыял, зразумець, чаго не хапае, і дапамагчы адтачыць навыкі. Веды пераняў ад Гаўрыіла Вашчанкі, у якога вучыўся, — адзначыў загадчык кафедры дызайну Інстытута сучасных ведаў А. М. Шырокава, сябра мастака Леанід Дзягілеў. — Гэта быў чалавек-лірык. Паглядзіце на апошнія яго работы, дзе майстар паказвае свет праз акно. Вядома, гэты прыём прысутнічае ў творчасці многіх творцаў, але ж у жыцці Юрыя Васільевіча ён стаў асноўны. Лірыка аўтара высокая, узнёслая. Яго любімая тэма — месяцовая дарожка — звязана з творчасцю Максіма Багдановіча. Юрый Васільевіч вельмі любіў Багдановіча, заўсёды спрабаваў у работах адлюстраваць паэтычныя ноты пісьменніка. Мастак ганарыўся родным Дуброўна, шмат расказваў пра гэтыя мясціны і заўсёды наведваў родны дом. У мясцовым музеі захоўваецца шмат твораў Юрыя Васільевіча, таму я спадзяюся, што з часам музей будзе насіць імя мастака.
Вікторыя АСКЕРА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-askera
[2] https://zviazda.by/be/tags/mastactva