Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на далейшае паглыбленне супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Асацыяцыяй нацыянальных алімпійскіх камітэтаў (АНАК). Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з прэзідэнтам АНАК шэйхам Ахмадам аль-Фахадам аль-Сабахам.
«Тэма спорту сёння асабліва вострая. Вы, як член МАК (Міжнароднага алімпійскага камітэта. — «Зв.»), шмат што можаце расказаць, і мы пагаворым аб спорце. Я вам удзячны, што вы знайшлі час пабываць у Беларусі. Думаю, гэта не апошняя наша сустрэча, і вы часцей будзеце бываць у нас», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь даказала здольнасць арганізоўваць мерапрыемствы сусветнага ўзроўню, і адзначыў магчымасць АНАК быць больш глыбока ўключанай у працэс падрыхтоўкі і правядзення Еўрапейскіх гульняў.
Аляксандр Лукашэнка і шэйх Ахмад аль-Фахад аль-Сабах таксама абмеркавалі тэматыку зімовых Алімпійскіх гульняў 2018 года, падрыхтоўку да ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія Беларусь прыме ў 2019 годзе, правядзенне іншых міжнародных спартыўных спаборніцтваў.
У сваю чаргу, Ахмад аль-Фахад аль-Сабах выказаў словы ўдзячнасці за актыўны ўдзел беларускай дэлегацыі ў праведзенай нядаўна ў Празе Генеральнай асамблеі Асацыяцыі нацыянальных алімпійскіх камітэтаў. «Гэта было вельмі паспяховае мерапрыемства», — лічыць прэзідэнт АНАК.
Вераніка ПУСТАВІТ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] mailto:рustаvіt@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/euragulni-2019