Студэнцкая ліга маладых выбаршчыкаў — ініцыятыва, якую пачалі самі маладыя людзі. Дзякуючы ёй на факультэце філасофіі і сацыяльных навук БДУ ў мінулым годзе з'явілася дыялогавая пляцоўка, на якой можна пагутарыць з вядомымі дзеячамі краіны. Палітыкі, міністры, дэпутаты адказваюць на актуальныя пытанні і дапамагаюць рэалізоўваць ініцыятывы. Акрамя таго, гэты праект таксама можа адыграць важную ролю ў арганізацыі стварэння рэспубліканскага маладзёжнага парламенцкага органа.
«Пасля паступлення на наш факультэт былыя школьнікі, якія цікавяцца палітыкай, вырашылі працягнуць гэту дзейнасць і ва ўніверсітэце і звярнуліся да нас у дэканат. Сумесна мы ўдасканалілі ідэю», — расказаў кандыдат гістарычных навук, дацэнт, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін.
У мінулым годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё праекта з удзелам старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай. «Ужо сёлета ў студэнцкай лізе прымаюць удзел не толькі студэнты ФФСН, але і іншых факультэтаў БДУ. Таксама прысутнічаюць вучні выпускных класаў сталіцы. Сэнс у тым, каб студэнты мелі стасункі з пакаленнем, якое прыходзіць ім на змену. Такім чынам забяспечваецца пераемнасць і праводзіцца прафарыентацыя», — растлумачыў дэкан ФФСН БДУ.
На апошняй сустрэчы было ўзнята пытанне аб спартыўным валанцёрстве падчас Еўрагульняў і чэмпіянату свету па хакеі, які будзе праводзіцца сумесна з Латвіяй. Кандыдат філасофскіх навук, дацэнт, намеснік дэкана факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ па вучэбна-выхаваўчай рабоце Вераніка Сайганава расказала, што ініцыятыва лігі ўжо была падтрымана. «Гэтае пытанне ўжо знаходзіцца на высокай ступені прапрацоўкі. Таксама мы плануем дадаткова падключыць Міністэрства спорту і турызму», — растлумачыла Вераніка Сайганава.
«Падчас апошняга сходу лігі міністр адукацыі Ігар Карпенка адзначыў, што падобны форум дапаможа рэалізацыі ідэі стварэння маладзёжнага парламента. Цяпер па гэтым пытанні вядуцца дыскусіі. Актыўныя ўдзельнікі лігі могуць стаць яго касцяком», — лічыць Вадзім Гігін.
Плануецца, што работа лігі маладых выбаршчыкаў будзе праводзіцца больш актыўна напярэдадні выбараў у мясцовыя органы ўлады, якія адбудуцца 18 лютага наступнага года.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ilya-kryzhevich-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] mailto:krуzhеvісh@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0