Была да вайны каля пасёлка Кастрычніцкі ў Смалявіцкім раёне невялікая вёсачка Астраўкі, якая з цягам часу злучылася з суседняй Лаўляй, а потым увогуле знікла з геаграфічнай карты. У Астраўках жыла Ева Чыбірай, якая здзейсніла матчын подзвіг: нарадзіла і выхавала дзевяцярых дзяцей — восем сыноў і дачку. Толькі зберагчы ўсіх не дала Вялікая Айчынная вайна...
Шматдзетная сям'я жыла небагата, але дружна. Усе дзеці з малых гадоў вучыліся працаваць на зямлі. У школу хадзілі ў суседнюю Плісу. Вучылася там і жыхарка Смалявічаў Таццяна Стануль, у вайну сувязная партызанскай брыгады «Разгром».
— Малодшых дзяцей я ведала добра, — узгадвае жанчына. — Іх бацька, Антон Чыбірай, працаваў у мясцовым калгасе конюхам, маці, Ева Міхайлаўна, выхоўвала дзяцей. Сыны вучыліся і па чарзе ішлі ў армію. Добра памятаю Аляксандра: падчас вайны ён быў у нашай партызанскай брыгадзе.
Пайшлі служыць
Бяда ў сям'ю прыйшла нечакана. Аднойчы Антона Чыбірая вельмі моцна стукнуў капытом конь. Пасля хваробы ён ужо не паправіўся і ў 1933 годзе памёр. Ева Міхайлаўна стала ўдавой у 45 гадоў. Незадоўга да гэтага нарадзіўся самы малодшы сын Іван.
Пасля бацькавай смерці апорай для маці стаў старэйшы Міхась, якому споўніўся 21 год. Хлопец працаваў слесарам-механікам на Смалявіцкай МТС. Адтуль у 1934 годзе Міхася прызвалі ў Чырвоную Армію, накіравалі ў школу малодшых камандзіраў. Ён з дзяцінства любіў тэхніку, цікавіўся ёю, таму не дзіва, што вучыўся ў ваенна-інжынерным вучылішчы, адкуль выйшаў малодшым лейтэнантам.
Тым часам палітычнае становішча ў Еўропе з кожным днём пагаршалася. 1 верасня 1939 года нападам гітлераўскіх войскаў на Польшчу пачалася Другая сусветная вайна. Савецкі ўрад пачаў умацоўваць баяздольнасць арміі, рыхтаваць кадры. Адзін за другім у армію пайшлі Пётр, Мікалай, браты-двайняты Адам і Уладзімір Чыбіраі.
Страчаныя дзеці
Першая «пахаванка» прыйшла ў студзені 1940 года на Пятра, які загінуў падчас савецка-фінскай вайны. Праз год пачалася Вялікая Айчынная, і Смалявіцкі раён на доўгія тры гады апынуўся ў акупацыі. Увесь гэты час Ева Міхайлаўна нічога не ведала пра лёс сваіх дзяцей, якія пайшлі служыць.
Пад Масквой паклаў галаву другі сын — Мікалай. Міхась сустрэў ворага на мяжы ў самым пачатку вайны, ваяваў у Сталінградзе і на Курскай дузе, удзельнічаў у баях за Берлін. Быў узнагароджаны медалём «За адвагу». Пасля не першага, але цяжкага ранення на перадавой чатыры месяцы лячыўся ў шпіталі. Пасля вайны служыў у Германіі.
Апошнім праводзіла маці на вайну Сяргея, які пайшоў на фронт пасля вызвалення Беларусі. Вярнуўся. Увесь паранены, але жывы. Як расказвае яго дачка Раіса Камоцкая, пасля ранення ў жывот у бацькі не было паловы страўніка. «Адна рука была перабіта і пакалечана, — успамінае жанчына. — Ён увесь хворы быў. Кожную вясну і восень ляжаў у шпіталі ў Бараўлянах, дзе папраўляў здароўе. Ваенныя гады, раненні і хваробы забралі яго ў нас у 1972 годзе...»
Двайняты Адам і Уладзімір Чыбіраі трапілі на фронт пасля кадравай службы ў Чырвонай Арміі. Ваявалі ў Сталінградзе, былі сувязістамі, але ў розных часцях.
Пасля вайны старэйшы брат Міхась цікавіўся іх лёсам. Па яго ўспамінах, маці атрымала «пахаванку» на Адама, а таксама ліст ад камандзіра дывізіі, у якім было напісана: «Ваш сын быў радавым сувязістам. Ён знаходзіўся ў самай гушчы бою, дзе злучаў перабітыя правады, яму мінай раздрабніла руку. Трацячы прытомнасць, ён паднёс канцы правадоў да зубоў і так забяспечыў сувязь». Адам Чыбірай быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны.
Подзвіг Адама, які аднавіў сувязь і памёр з провадам у зубах, быў шырока вядомы ў Сталінградзе. Па баявых пазіцыях нават хадзілі рукапісныя лістоўкі з апісаннем яго ўчынку і заклікам адпомсціць за байца.
Уладзімір вярнуўся ў родную вёску інвалідам. Здароўе, страчанае на франтах, не дазволіла яму паўнавартасна жыць і працаваць пасля вайны. Уладзімір сышоў з жыцця ў 1961 годзе.
Аляксандр быў самы малодшы з братоў, якія ваявалі з фашыстамі. Апошнім і загінуў. Але мог жыць ды жыць... У армію яго не бралі з-за ўзросту, але ён добраахвотна стаў дапамагаць партызанам.
У 17 гадоў ён загінуў. Было тое незадоўга да вызвалення Беларусі... Імя патрыёта выбіта на стэле брацкай магілы на партызанскіх могілках у Стрыева.
Век у адзіноце
Пасля вайны Ева Міхайлаўна жыла з дачкой Верай і малодшым сынам Іванам у Астраўках. Усе гэтыя гады маці цярпліва несла свой крыж: плакала, калі прыйшлі весткі пра гібель чацвярых сыноў, і радавалася, калі вярнуліся жывымі трое яе зраненых і пакалечаных дзяцей. Праз некаторы час малодшы Іван пайшоў вучыцца ў мараходку ў Калінінград, трапіў на Далёкі Усход, там і застаўся. Шмат гадоў плаваў на розных караблях, а ў канцы 1980-х пераехаў з сям'ёй з Магадана ў Мінск. Вера неўзабаве захварэла і не магла дапамагаць маці.
Жанчына, якая нарадзіла дзевяцярых дзяцей, вымушана была адна дажываць свой век у Астраўках. Калі ёй спатрэбіўся догляд, Міхась напісаў ліст міністру абароны з просьбай дапамагчы яго маці. Жанчыну ўладкавалі ў Лагойскі дом састарэлых, адзін з лепшых на той час. Там яна была забяспечана доглядам, добрым харчаваннем і медыцынскім абслугоўваннем.
Тут, на лагойскай зямлі, яна і сышла ў іншы свет. Магілу жанчыны даглядалі школьнікі. Але амаль за паўстагоддзя помнік струхлеў і стаў разбурацца. Па ініцыятыве Лагойскай раённай ветэранскай арганізацыі і аб'яднання прафсаюзаў было прынята рашэнне аб стварэнні новага помніка, які быў усталяваны сёлета да Дня Перамогі. Пасмяротна гэтая легендарная жанчына была ўзнагароджана ордэнам «Вялікая Перамога» — як маці сямі сыноў, якія ваявалі на вайне і ўнеслі свой уклад у Вялікую Перамогу.
Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ, г. Мінск
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandr-paulyukovich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/placdarm
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyalikaya-aychynaya-vayna