БДУ ўвайшоў у 200 найлепшых універсітэтаў па версіі Маскоўскага міжнароднага рэйтынгу “Тры місіі ўніверсітэта” (MosIUR). У пілотнай версіі новага рэйтынгу адзначаны ўніверсітэты з 39 краін. БДУ размясціўся на 168 месцы і стаў адзінай беларускай ВНУ, якая трапіла ў выніковую рэйтынгавую табліцу.
Маскоўскі міжнародны рэйтынг ВНУ — прынцыпова новы акадэмічны рэйтынг, які ацэньвае тры ключавыя місіі ўніверсітэта: адукацыйную, навуковую і ўзаемадзеянне з грамадствам. Рэйтынг выкарыстоўвае цэлы шэраг крытэрыяў, якія разлічваюцца, абапіраючыся на аб'ектыўныя звесткі, і выключае суб'ектыўныя рэпутацыйныя апытанні. Метадалогія ранжыравання прайшла маштабнае грамадскае абмеркаванне ў Расіі і за мяжой, удзел у ім прынялі звыш за 100 універсітэтаў.
Верхнія тры пазіцыі ў рэйтынгу займаюць амерыканскія ВНУ: Гарвардскі ўніверсітэт, Масачусецкі тэхналагічны інстытут і Стэнфардскі ўніверсітэт. Найбольш шырока ў рэйтынгу прадстаўлены ВНУ кантынентальных еўрапейскіх краін (48 універсітэтаў) і ЗША (41 ВНУ). Сярод расійскіх ВНУ лідзіруе Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.Ламаносава, які размясціўся на 25-й пазіцыі. У першую сотню найлепшых ВНУ свету таксама трапіў Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт (72-е месца) і Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут (73-е месца). Усяго ў табліцы рэйтынгу адзначаны 13 расійскіх устаноў вышэйшай адукацыі.
З краін-суседзяў Беларусі ў рэйтынг увайшлі Варшаўскі ўніверсітэт (158 месца), Ягелонскі ўніверсітэт (181 месца), Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Т. Шаўчэнкі (193 месца).
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya