У Віцебскім аблвыканкаме нядаўна была агучана неабходнасць больш актыўнага зносу аварыйных дамоў і збудаванняў. У кароткі тэрмін трэба зруйнаваць тое, што ўяўляе асаблівую пагрозу для людзей. Адпаведную задачу паставіў губернатар.
Гэта неабходна зрабіць, каб не траўмаваліся і не гінулі людзі. Нельга дапусціць, каб паўтарылася магілёўская трагедыя з абвальваннем на дзяцей канструкцый недабудаванага катэджа.
На Віцебшчыне, як вядома, самая вялікая колькасць у краіне населеных пунктаў. Адпаведна, і параўнальна шмат нерухомасці, якая не выкарыстоўваецца.
Паводле інфармацыі фонду «Віцебскаблмаёмасць», каля 300 аб'ектаў неабходна знесці да канца года і ў 2018-м. За 10 месяцаў спісалі, знеслі, дэманціравалі больш за 100, у тым ліку і прыватнай уласнасці...
Каб актывізаваць працэс, распрацоўваецца пытанне прыцягнення да зносу розных дзяржаўных арганізацый, бізнес-структур, якія маюць неабходную тэхніку. Ёсць ідэя папрасіць аб дапамозе і ваенных.
Дарэчы, усё больш ахвотных купляць на аўкцыёнах будынкі, якія не выкарыстоўваюцца, пад жыллё. Напрыклад, нядаўна за базавую велічыню пакупніку прадалі сельскія Дом культуры, бібліятэку, а таксама нежылы будынак у Верхнядзвінскім раёне.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] mailto:рukshаnskі@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/vicebshchyna