«Нам вельмі спадабалася гісторыя пра маленькую падарожніцу Ксенію Бём [2]. Захацелася таксама падзяліцца фотаздымкам сваёй дачушкі. Нас, бацькоў гэтай прыгажуні-беларусачкі, звязала любоў да нямецкай мовы. Мы пазнаёміліся ў Германіі, там жа нарадзілася і дачка Аліна. А пасля вучобы, нягледзячы на магчымасць застацца, вярнуліся на радзіму.
Дачка, каб паказаць сваю адметнасць перад аднакласнікамі, часта сцвярждае, што яна «немка», бо нарадзілася ў Германіі. Але ёй далёка да нямецкай акуратнасці і педантычнасці! Затое бунтарства і ўпартасці ў яе — цераз край! Больш за ўсё яна не любіць фатаграфавацца.
Толькі яе настаўніцы са студыі малявання ўдаўся вельмі прыгожы кадр, які арганічна ўпісаўся ў гарадскі пейзаж. Ён адлюстроўвае непаўторны дух дзяцінства, які мы, дарослыя, на жаль, ужо згубілі. Таму, бацькі, гледзячы на гэты здымак, не забывайце, адкуль мы родам. Будзьце смелымі, як у дзяцінстве, і верце ў свае мары!»
Шаноўныя мамы і таты, бабулі і дзядулі! Шчыра запрашаем вас прыняць удзел у конкурсе «Беларусікі». Дасылайце здымкі вашых дзетак, унукаў, а можа, нават і праўнукаў (з невялічкім аповедам) на адрас «Звязды». Але адна ўмова — каб, зірнуўшы на фота, адразу ж можна было зразумець, што гэта беларусік. Арыгінальнасць і творчы падыход вітаюцца! Аднаго з герояў, якога мы ўбачым на здымках, чакае прыз!
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] http://zviazda.by/be/news/20171004/1507122945-malenkaya-padarozhnica
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarusiki-0