З 11 снежня «Нашы навіны» пачалі выходзіць у новым аздабленні: фірменная застаўка набыла іншыя колеры, лагатып прайшоў рэбрэндынг. Але галоўнае — пасля маштабнай мадэрнізацыі і тэхнічнага пераабсталявання, праведзенага, дарэчы, з дапамогай айчынных вытворцаў, амаль цалкам змянілася студыя інфармацыйнага вяшчання.
На плошчы ў 300 кв. м павялічылася колькасць сучасных камер, з'явіліся святлодыёдныя экраны, на якіх можна адначасова паказваць да шасці розных карцінак, найноўшыя тэлесуфлёры, асвятляльныя прылады, а таксама рухомы подыум. Але, як падкрэслівае кіраўніцтва тэлеканала, тэхнічнае перааснашчэнне і новая «ўпакоўка» — толькі частка справы, мусіць удасканальвацца, стаць больш дынамічнай і цікавай падача навін.
Уласна, пэўныя змены ў фармаце «Нашых навін» ужо адбыліся. Вячэрні выпуск, які цяпер робяць двое вядучых, дапоўнены «жывым» прагнозам надвор'я і новымі рубрыкамі, а галоўныя спартыўныя падзеі тыдня не проста пералічваюцца ў сціслым інфармацыйным выпуску, а дэталёва разглядаюцца ў нядаўна запушчанай праграме «Спортклуб». У камандзе вядучых АНТ апошнім часам адбылося істотнае папаўненне: Дзмітрый Бачкоў закранае вострыя тэмы ў ток-шоу «Наша жыццё», Дзмітрый Максімовіч, Мікалай Асмолаў і Таццяна Саўчык працуюць у выпусках навін, сіноптык Дзмітрый Рабаў і прыма айчыннай гімнастыкі Меліціна Станюта вядуць тэматычныя рубрыкі. Наперадзе, абяцаюць тэлевізійнікі, гледачоў чакае выхад у эфір новай інфармацыйна-аналітычнай перадачы.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/medyya
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/teletydzen
[5] mailto:tselyashuk@zviazda.by
[6] https://zviazda.by/be/tags/telekanal-ant
[7] https://zviazda.by/be/tags/naviny
[8] https://zviazda.by/be/tags/telekanal