Ларыса Грыбалёва, Алесь Круглякоў, Павел Каранеўскі, Вольга Шлягер, Алег Ціткоў, Святлана Бароўская, Надзея Герасімчык, Аляксандр Аўчыннікаў, Вольга Водчыц, Дзмітрый Карась, Дарыя, Яўген Перлін, Вера Карэтнікава, Дзяніс Дудзінскі — за два дзясяткі гадоў хто толькі не жадаў тэлегледачам самага добрага, бадзёрага, цікавага і пазітыўнага ранку! Нават мне аднойчы ўдалося на паўгадзіны стаць вядучай «Добрай раніцы, Беларусь!» — разам з іншымі калегамі-газетчыкамі, у межах журналісцкага эксперымента. І гэта быў неймаверны, хвалюючы і прыемны вопыт. Папраўдзе, штодзённая трохгадзінная праца ў прамым эфіры на шматмільённую аўдыторыю — няпростае выпрабаванне на трываласць і добразычлівасць, адэкватнасць і пачуццё гумару, шчырасць і красамоўнасць, і такі тэмп вытрымае далёка не кожны.
Як на беларускім тэлебачанні з'явілася ўласнае ранішняе шоу, чым яно «зачапіла» аўдыторыю і з якіх прычын стала доўгажыхаром эфіру, мы распыталі аднаго са стваральнікаў праграмы, тэлежурналіста, дакументаліста Барыса ГЕРСТЭНА.
— Чула ад тэлевізійнікаў, што папраўдзе гісторыя ранішняга тэлешоу пачалася яшчэ раней, з запуску ў 1992-м праграмы «Ранішні кактэйль»...
— Праўда, была такая праграма — невялікая, хвілін на 20, у якой была зарадка кшталту ўрокаў ад Наталлі Наважылавай, а ў дадатак нейкі відэасюжэт. У пэўнай ступені гэта быў прадвеснік «Добрай раніцы, Беларусь!».
А ў 1991-м я два месяцы быў у ЗША і штодня глядзеў знакамітую «Gооd Mоrnіng Аmеrіса». Вярнуўшыся, падзяліўся ўражаннямі са сваім сябрам Валодзем Ісатам (на жаль, сёння яго ўжо няма). Вельмі доўга мы абмяркоўвалі, шліфавалі ідэю — і даспелі годзе ў 96-м.
28 снежня 1997 года наша ранішняя праграма ўпершыню выйшла ў эфір. Праўда, першыя тры выпускі былі ў запісе — не памятаю дакладна чаму, мабыць, вырашылі не рызыкаваць у пераднавагодняй мітусні. Дарэчы, для нас упершыню на Беларускім тэлебачанні пабудавалі асобную студыю — па цяперашніх мерках маленькую, але тады гэта было такое неймавернае, фантастычнае шчасце! Дагэтуль памятаю, з якім трымценнем мы з Валодзем Ісатам увайшлі туды.
* Вядучым першых выпускаў «Добрай раніцы, Беларусь!» стаў... Дзед Мароз, у вобразе якога далёка не ўсе змаглі пазнаць акцёра Вілена Разенека. «Унікальны быў чалавек, — з дакладнасцю дакументаліста зазначае Барыс Герстэн, — кім ён толькі не працаваў! Мог скласці печ, выдатна сталярнічаў, цудоўна маляваў, спяваў, быў трубачом ваеннага аркестра, кіраваў цыганскім ансамблем, працаваў рэжысёрам на Беларускім тэлебачанні і служыў акцёрам у тэатры Горкага... А яшчэ ў яго было выдатнае пачуццё гумару, так што, лічу, нам пашанцавала з першым вядучым».
— З першых дзён студзеня 1998-га і да сёння «Добрай раніцы, Беларусь!» ідзе выключна ў прамым эфіры, і гэта прынцыпова важны момант. Нездарма ў праграмы быў дэвіз «Нас — дзесяць мільёнаў», і, паводле задумкі, абсалютна кожны глядач мог патэлефанаваць у студыю, расказаць нейкую цікавую гісторыю або павіншаваць блізкіх з днём нараджэння (дарэчы, гэтыя віншаванні нас ледзь не задушылі, іх паступала проста неймаверная колькасць). Вельмі адказна падбіралі вядучых — неабходныя былі людзі з жывой рэакцыяй, эрудзіраваныя, дасціпныя, здольныя ўжо а шостай гадзіне раніцы быць у тэлестудыі, выглядаць свежымі і бадзёрымі і трымаць гутарку ў прамым эфіры. (Працоўны дзень кожнага дуэта вядучых «ДРБ» і сёння пачынаецца самае позняе а 4-й гадзіне раніцы. — Аўт.). Каманда ранішняй праграмы наогул заўжды была лёгкая на пад'ём у прамым і пераносным сэнсе. Алесь Шлег, які з маладзёжнай рэдакцыі перайшоў да нас, напрыклад, прыдумаў акцыю «Чыстае неба Беларусі» — мы праляцелі над краінай на ўсім, што лётае, ад ваенных знішчальнікаў да планёраў і паветраных шароў, а фінішавала акцыя тым, што ўся рэдакцыя скочыла з парашутамі — ды з такім імпэтам, што два чалавекі ногі зламалі...
Прызнацца, мне гэта праграма наогул многае дала. Па-першае, навучыла гэткай добрай дысцыпліне, а па-другое, падарыла мноства надзвычай цікавых сустрэч. У нас абавязкова быў госць у студыі — не вядомы акцёр або спявак ці нейкі іншы прадстаўнік шоу-бізнесу, як заведзена сёння ў многіх тэлепраектах; у нас жа каго толькі ні было: і пекары, і токары, і навукоўцы, і паслы замежных дзяржаў — самае шырокае кола, якое толькі можна ўявіць.
* Як успамінае Барыс Герстэн, аднойчы ў гасцях «Добрай раніцы, Беларусь!» быў амерыканскі прафесар Франклін Рыў, які перакладаў Пушкіна з рускай мовы на англійскую і чытаў лекцыі ў БДУ. «І я раптам прыгадаў, як у 1996 годзе быў на Параалімпійскіх гульнях у Атланце і запісаў сюжэт са знакамітым акцёрам і рэжысёрам Крыстаферам Рывам, які адкрываў гэтыя Гульні, будучы паралізаваным, седзячы ў інваліднай калясцы. У перапынку, пакуль ішлі іншыя сюжэты, запытаўся ў прафесара: выканаўца ролі Супермена — ягоны цёзка па прозвішчы? «Не, — адказаў прафесар, — гэта мой сын. Але ён памёр». І мяне нібы штосьці падштурхнула: пабег у свой кабінет, дастаў касету з запісам, і мы далі кадры з Атланты ў эфір. Больш за дзесяць гадоў ужо прайшло, але рэакцыю прафесара і мора званкоў ад гледачоў я памятаю дагэтуль. І вось такіх адкрыццяў, зробленых знянацку, у нас было вельмі многа».
— Сёння на тэлебачанні якую праграму ні здымі, абавязкова знойдзецца, за што пакрытыкаваць. Памятаеце, якой была рэакцыя гледачоў на «Добрай раніцы» 20 гадоў таму?
— На дзіва цёплай і прыязнай. Можа, адзін раз за шмат гадоў майго ранішняга дзяжурства на тэлефоне раздалася лаянка. Наогул, гледачы заўжды былі нашымі добрымі памочнікамі, часта задавалі такія пытанні гасцям, пра якія мы, журналісты, проста не даўмеліся б. А з якой ахвотай удзельнічалі ў конкурсах, віктарынах, фотамарафонах! Сёння гэтыя конкурсы дзякуючы сацыяльным сеткам праходзяць больш хутка, але затое ў час, калі мы іх толькі пачыналі, была надзвычайная масавасць. Уявіце: у конкурсе дзіцячага фота «Усмешка сябра», распачатым дзіцячай рэдакцыяй, удзельнічала больш за 80 дзіцячых фотастудый з усяго Савецкага Саюза, ад Махачкалы да Кішынёва, ад Кіева да Сахаліна. Потым фотамарафон быў падхоплены «Добрай раніцай», ды так і прыжыўся.
...Сёння наўрад ці ўдалося б паўтарыць той поспех — беларускіх тэлеканалаў стала болей, і яны працуюць на адной і той жа інфармацыйнай пляцоўцы. Але тады апантаная каманда змагла даць вельмі добры старт, задаць планку.
— Былі і эксперыменты, якія сталі традыцыяй, — вандроўка студыі «Добрай раніцы» на «Славянскі базар у Віцебску», напрыклад.
— Так, першы выхад «Славянскага базару» ў прамым эфіры здзейсніла менавіта наша праграма. Для яе афармлялі сваю міні-студыю на Віцебскім тэлебачанні, і Вольга Ганчарык са Святланай Бароўскай рабілі прамыя ўключэнні. Цяпер гэта, на мой погляд, ужо стала неад'емнай часткай фестывалю. Яшчэ адно новаўвядзенне, якое стала фішкай праграмы, — рубрыка «Ранішні госць»: скажам, калі ўчора позна ўвечары скончыўся міжнародны фестываль «Малады балет», то сёння зранку яго крыху заспаны пераможца — у студыі «Добрай раніцы» з першых вуснаў агучвае свежыя навіны пра конкурс.
* Творчая каманда «ДРБ» заўжды адказна рыхтавалася да першакрасавіцкіх выпускаў — мабыць, таму жарты выходзілі асабліва пераканаўчымі. Аднойчы, напрыклад, вядучыя абвясцілі, што мінскі завод «Крышталь» пачынае выпускаць тэкілу і прымае ад насельніцтва кактусы. Дзясяткі мінчан прыехалі да прахадной са сваімі калючымі гадаванцамі, кіраўніцтва завода ў паніцы тэлефанавала на тэлебачанне і рэжысёра праграмы ледзь не звольнілі — але, адсмяяўшыся, усё ж даравалі.
— Прамы эфір — гэта не толькі добра адрэпеціраваная імправізацыя, але і штодзённыя неспадзяванкі. Вам якія асабліва запомніліся?
— Неяк быў моцны галалёд, і нават пры наяўнасці дзвюх машын вядучыя не змаглі дабрацца да студыі ў час. А я жыў побач з тэлекампаніяй. І вось а шостай раніцы гледачы бачаць карцінку: у кадры сядзіць заспаны незнаёмы чалавек і тлумачыць, маўляў, не палохайцеся, вашы любімыя вядучыя, магчыма, сёння ўсё ж даедуць, а пакуль мы пакажам свежыя навіны і цікавыя сюжэты.
— Праз 20 гадоў, працуючы ўжо на іншым канале, ці глядзіце «Добрай раніцы, Беларусь»?
— Я пераключаю розныя каналы, так што бачу і тое, што робіць цяперашні калектыў праграмы. Многае падабаецца — у прыватнасці, практычна ва ўсіх добрая прафесійная манера вядзення. Нешта раіць — напэўна, не трэба, бо ў кожнага тэлевізійніка сваё бачанне і сваё мысленне. Я, напрыклад, вельмі люблю гістарычныя рубрыкі і з цікавасцю гляджу найперш іх.
— Барыс Ізідоравіч, гэты год для вас спрэс юбілейны: уласнае 70-годдзе, 50 гадоў у журналістыцы, 40 гадоў на тэлебачанні, 20 — з часу стварэння «Добрай раніцы, Беларусь!». Ці ёсць адчуванне чарговай перагорнутай старонкі і новыя планы?
— Планаў і ідэй, сюжэтаў і прыдумак хапае, паспявай толькі ажыццяўляць. Я заўжды баюся спыніцца: такое адчуванне, што калі раптам стану, то вельмі хутка «адкінуся». Вельмі чакаю запуску на АНТ гістарычнай рубрыкі «Легенды беларускага бізнесу». Чацвёртую частку «Хронік мінскага гета» плануем дарабіць — у Германіі, Аўстрыі ўжо здымалі, можа, у Чэхіі здымем некаторыя сюжэты. Кнігу вось хачу яшчэ дапрацаваць і выпусціць (зборнік апавяданняў Барыса Герстэна «Час да і пасля» сабраў добрыя водгукі чытачоў і крытыкаў. — Аўт.), бо ёсць пра што расказаць. Натуральна, на такія аванцюрныя праекты, як праляцець над Беларуссю на паветраным шары, я ўжо наўрад ці вырашуся, але хто ведае?
Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА і з архіваў Белтэлерадыёкампаніі
Р. S. 28 снежня «Добрай раніцы, Беларусь!» рыхтуе адмысловы святочны выпуск, у якім плануецца аб'яднаць вядучых розных гадоў, стваральнікаў праекта і сучасную каманду праграмы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] mailto:tselyashuk@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[6] https://zviazda.by/be/tags/dobray-ranicy-belarus