Магчымасць бясплатнага праходжання рэпетыцыйнага тэсціравання з'явіцца ў беларускіх абітурыентаў у лютым наступнага года.
— Размова ідзе пра дыстанцыйнае тэсціраванне, — тлумачыць дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый МІКСЮК. — Гэта будзе фактычна аналаг камп'ютарнага тэсціравання, якое ўжо не першы год праводзіцца ў сценах нашай установы, толькі рэпетыцыйны "экзамен" будзе праходзіць на адлегласці — з выкарыстаннем магчымасцей інтэрнэту. На дыстанцыйнае тэсціраванне будзе вынесены адзін варыянт тэста, але трэніравацца на ім можна будзе столькі разоў, колькі абітурыенту патрэбна (з лютага да канца мая). Да таго ж бясплатна прайсці дыстанцыйнае рэпетыцыйнае тэсціраванне можна будзе па ўсіх 15 дысцыплінах ЦТ.
Нагадаем, што ўпершыню пра неабходнасць зрабіць рэпетыцыйнае тэсціраванне даступным усім, у тым ліку і школьнікам з аддаленых рэгіёнаў, намеснік прэм'ер-міністра Васіль Жарко заявіў у чэрвені бягучага года на пасяджэнні Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў, якую ён узначальваў. А ў кастрычніку, падчас яго сустрэчы з кіраўнікамі рабочых груп па аналізу заданняў цэнтралізаванага тэсціравання, было ўжо афіцыйна заяўлена, што адзін з этапаў рэпетыцыйнага тэсціравання ў 2018 годзе можна будзе прайсці бясплатна. І вось цяпер стала зразумелым, як будзе рэалізавана гэта магчымасць.
Першы этап бланачнага рэпетыцыйнага тэсціравання ў беларускіх ВНУ стартаваў яшчэ ў кастрычніку. Працэдура яго правядзення нічым не адрозніваецца ад цэнтралізаванага. Прысутнасць мабільнікаў, дапаможнікаў і шпаргалак у экзаменацыйнай аўдыторыі катэгарычна не дапускаецца. Арганізатарам дазваляецца кансультаваць удзельнікаў рэпетыцыі толькі па тэхналогіі работы над тэстам і па парадку запаўнення бланка.
Пачынаючы з кастрычніка, непасрэдна ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў для ўсіх ахвотных арганізуецца і камп'ютарнае тэсціраванне. Падчас яго прапануюцца заданні з той жа базы, што і на звычайным. Розніца ў тым, што абітурыент працуе перад камп'ютарным маніторам і напрыканцы выпрабавання можа адразу ўбачыць свой вынік. У абітурыента ёсць магчымасць тут жа папрацаваць над памылкамі. Спачатку да няправільна выкананых заданняў яму даецца падказка, а калі і яна не дапамагае, можна проста "падгледзець" правільнае рашэнне.
Да пачатку ўступнай кампаніі абітурыенты змогуць праверыць свае веды яшчэ некалькі разоў. Другі этап платнага бланачнага і камп'ютарнага рэпетыцыйнага тэсціравання пройдзе ў студзені-лютым. Трэці — у сакавіку-красавіку. Кошт удзелу ў рэпетыцыі складае 7 рублёў за адзін прадмет. Плюс абітурыенты могуць прайсці цяпер яшчэ і бясплатнае дыстанцыйнае рэпетыцыйнае тэсціраванне.
Да слова, сістэма падліку балаў на ЦТ для абітурыентаў 2018 года застанецца ранейшай. Кардынальных змяненняў у прыёмнай кампаніі пакуль не чакаецца.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:nikalaeva@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/abituryenty
[6] https://zviazda.by/be/tags/ct
[7] https://zviazda.by/be/tags/dystancyynae-tesciravanne
[8] https://zviazda.by/be/tags/yuryy-miksyuk
[9] https://zviazda.by/be/tags/vasil-zharko
[10] https://zviazda.by/be/tags/vnu
[11] https://zviazda.by/be/tags/repetycyynae-tesciravanne-1