З пачатку года на інфалінію праграмы «Ла Страда» паступіла больш за пяць тысяч зваротаў. Летась гэта лічба была амаль удвая меншая. Часцей звярталіся жанчыны — у 54 працэнтах выпадкаў.
— Рост колькасці кансультацый абумоўлены тым, што нам удалося знайсці канал, больш зручны для патэнцыйных мігрантаў: 58 працэнтаў кліентаў задаюць пытанні праз анлайн-сэрвіс на сайце [3], — тлумачыць сітуацыю кіраўнік праграмы Алена НЕСЦЯРУК.
Сёлета доля крызісных зваротаў на інфалінію па бяспечным выездзе і знаходжанні за мяжой склала два працэнты. Праблемы ў чужой краіне былі звязаны з пошукам зніклых людзей, крадзяжом ці стратай дакументаў, парушэннем правоў, гандлем людзьмі. З пачатку года значна вырасла колькасць запытаў з-за складанасцяў на тэрыторыі Польшчы — 15 працэнтаў ад усіх крызісных сітуацый. Часцей звароты датычыліся парушэння працоўных правоў. Алена Несцярук адзначае, што Польшча на сёння з'яўляецца адной з самых папулярных краін у беларусаў для выезду за мяжу, хоць доўгія гады сярод мэт турыстаў галоўнай была Расія.
Абаненты інфалініі часцей за ўсё цікавяцца нюансамі працаўладкавання за мяжой — у 39% выпадкаў. Кансультацыі таксама звязаны з пытаннямі пашпартна-візавага рэжыму (25%), сямейна-шлюбных адносін (7%), адукацыі (5%), іміграцыі (4%). Расце колькасць запытаў аб асаблівасцях уезду на тэрыторыю Беларусі — такіх 15%.
Спецыялісты праграмы «Ла Страда» рэкамендуюць пільна рыхтавацца да ад'езду за мяжу. Загадзя зрабіце ксеракопіі ўсіх дакументаў. Нікому і ні пры якіх абставінах не аддавайце свой пашпарт. Пакіньце знаёмым і родным дакладны адрас свайго месцазнаходжання за мяжой і дамоўцеся, як будзеце падтрымліваць сувязь. Можна прыдумаць умоўную фразу, якая дасць зразумець, што вы аказаліся ў складанай сітуацыі. Кансультацыю па бяспечным знаходжанні ў іншай краіне можна атрымаць па нумарах 113 і 7113, электроннай пошце consultatіon@lastrada.by [4] ці праз анлайн-кансультаванне на сайце праграмы.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://www.lastrada.by/
[4] mailto:consultatіon@lastrada.by
[5] mailto:lubneuskaya@zvіazda.by
[6] https://zviazda.by/be/tags/pragrama-la-strada
[7] https://zviazda.by/be/tags/infaliniya
[8] https://zviazda.by/be/tags/vyezd-za-myazhu
[9] https://zviazda.by/be/tags/zvarot
[10] https://zviazda.by/be/tags/pytanni
[11] https://zviazda.by/be/tags/dapamoga