Аўтар фантастычнай сагі «Зорныя войны», знакаміты рэжысёр Джордж Лукас узначаліў рэйтынг з дзесяці самых багатых знакамітасцяў ЗША, па версіі часопіса Forbes.
Багацце кінематаграфіста ў 2017 годзе ацэньвалася ў 5,5 млрд долараў. У 2012-м Лукас прадаў сваю кампанію Lucasfіlm за 4,05 млрд кангламерату The Walt Dіsney Company разам з правамі на «Зорныя войны». Лукас лідзіруе ў спісе Forbes ужо не першы год, а з 2016-га яго багацце павялічылася на мільярд долараў.
На другім месцы — не менш знакаміты Стывен Спілберг, аўтар «Іншапланецяніна», «Спіса Шындлера» і фільмаў пра Індыяну Джонса, з 3,6 млрд долараў, трэцяе заняла тэлевядучая Опра Уінфры — 2,8 млрд. У дзясятак самых багатых знакамітасцяў таксама трапілі баскетбаліст і акцёр Майкл Джордан (1,4 млрд), ілюзіяніст Дэвід Коперфільд (875 мільёнаў), рэперы Дзідзі (820) і Джэй-Зі (810), гальфіст Тайгер Вудс (750), рэпер Доктар Дрэ (740), пісьменнік Джэймс Патэрсан (730).
Журналісты газеты The Tіmes пад наглядам навукоўцаў правялі эксперымент і высветлілі, якую максімальную колькасць алкаголю можна спажыць на дыскатэцы, каб добра выглядаць на танцпляцоўцы.
У эксперыменце ўдзельнічалі 55 чалавек, якія павінны былі гуляць у танцавальную гульню для прыстаўкі XBox пад назвай Just Dance. За ходам доследу назіраў прафесар нейрапсіхафармакалогіі Дэвід Нат. Гульцы атрымлівалі ачкі за правільна паўтораныя рухі, і спачатку сярэдні вынік быў не вельмі высокім (каля 4,4 тысячы балаў), але пачаў расці па меры спажывання алкаголю. Піка паддоследныя дасягнулі пасля шостага келіха віна, г. зн. адной бутэлькі — пасля гэтага вынікі пачалі падаць. Такім чынам аўтары даследавання высветлілі, што аптымальнай колькасцю алкаголю для танцпляцоўкі з'яўляецца бутэлька віна.
Натуральна, вынікі гэтага даследавання характарызуюць менавіта толькі англійскіх гарадскіх жыхароў, а ніяк не нашага чалавека... :)
Брытанскае аддзяленне Uber Eats накорміць кліентаў «антыпахмельным сняданкам» у сезон калядных карпаратываў, паведамляе Daіly Mіrror.
Набор для барацьбы з пахмеллем называецца Fіx up Feast і складаецца з яечні з двух яек з дзвюма лустачкамі бекону і грыбамі, фасолі, авакада і свежага шпінату. Таксама ў яго ўваходзяць аўсяная каша з бананам і апельсінавы сок. Усе гэтыя прадукты адновяць баланс бялкоў, амінакіслот і вітамінаў, пасля чаго пахмелле павінна адступіць. Паводле слоў кухара Джозэфа Юсефа, які прыдумаў гэтую страву, «пахмельны сняданак» не толькі смачны, але і ідэальна збалансаваны. Антыпахмельны набор каштуе дзевяць з паловай фунтаў (каля 26 нашых рублёў).
Іван Купарвас
hvir@zviazda.by [4]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ivan-kuparvas
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] mailto:hvir@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/naviny-zamezhzha
[6] https://zviazda.by/be/tags/naviny
[7] https://zviazda.by/be/tags/zamore