Як расказаў начальнік аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх МУС Віталь ЯНЧЫН, за 11 месяцаў бягучага года непаўналетнімі і пры іх удзеле было здзейснена 1844 злачынствы. Нямала, але гэта на 11% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Акрамя таго, гэта самы нізкі паказчык за ўсю гісторыю існавання суверэннай Беларусі. Зніжаецца штогод і колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, якія ў большасці сваёй звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў. Большую ж частку злачынстваў, якія здзяйсняюцца непаўналетнімі, складаюць дробныя крадзяжы і крымінальна каральнае хуліганства. І іх колькасць ідзе на спад. Пакуль не ўдаецца стабілізаваць толькі сітуацыю з крадзяжом з выкарыстаннем камп'ютарных тэхналогій і распаўсюджваннем парнаграфічных матэрыялаў у інтэрнэце. Аднак МУС выступіла з ініцыятывай замест крымінальнай прымяняць меры адміністрацыйнай адказнасці да тых, хто ўпершыню, неўсвядомлена або па няведанні, паставіў лайк на падобныя матэрыялы, што таксама цяпер прыраўноўваецца да распаўсюджвання.
Перад зімовымі канікуламі Віталь Янчын сакцэнтаваў увагу на тым, што дзеці да 16 гадоў пасля 23 гадзін могуць знаходзіцца на вуліцы толькі ў суправаджэнні дарослых, адваротнае разглядаецца як адміністрацыйнае правапарушэнне. Свавольства піратэхнічнымі сродкамі ў месцах канцэнтрацыі людзей прыраўноўваецца да дробнага хуліганства. Калі той, хто здзейсніў правапарушэнне, не дасягнуў узросту 14 гадоў, да адказнасці будуць прыцягнуты бацькі. Штраф складае да 10 базавых велічынь.
Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь НАВІЦКІ нагадаў, што патэнцыйную пагрозу ўяўляе не толькі няякасная піратэхніка, але і, здавалася б, бяскрыўдныя хлапушкі. У мінулую навагоднюю ноч па краіне ад такога «салюту» пацярпелі 32 чалавекі, 10 з іх — дзеці.
Дар'я КАСКО
kаskо@zvіаzdа.bу [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-kasko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:k%D0%B0sk%D0%BE@zv%D1%96%D0%B0zd%D0%B0.b%D1%83
[4] https://zviazda.by/be/tags/milicyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/byaspeka
[6] https://zviazda.by/be/tags/padletki
[7] https://zviazda.by/be/tags/zimovyya-kanikuly