2017 год аказаўся вельмі плённы для краіны ў напрамку развіцця і папулярызацыі беларускай культуры. Сёлета Беларусь святкавала 500-годдзе кнігадрукавання, у гэты перыяд быў закладзены падмурак для стварэння новых асветніцкіх праектаў. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі падвялі вынікі юбілейнага скарынаўскага года.
500 гадоў таму Францыск Скарына надрукаваў «Псалтыр» — першую кнігу ў беларускім і ўсходнеславянскім кнігавыданні. Усяго ж ім было перакладзена і выдадзена 25 кніг, дзякуючы якім мы сёння можам гаварыць пра Скарыну як пра асветніка-гуманіста, тэарэтыка кніжнага мастацтва. Менавіта таму свята 500-годдзя кнігавыдання ў краіне адзначаецца шырока і на самым высокім узроўні. За год была праведзена вялікая праца, якая паказала адказнае стаўленне і неабыякавасць беларускага грамадства да айчыннай гісторыі і культуры.
— Гэты год пачынаўся з пасяджэння арганізацыйнага камітэта, які ўзначальвалі Лілія Ананіч і Барыс Святлоў, — успамінае міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. — Можна прыгадаць крокі, якія рабілі Міністэрства культуры, Міністэрства інфармацыі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, самыя розныя грамадскія і асветніцкія ўстановы нашай краіны, якія прадэманстравалі, што гэты год невыпадковы для Беларусі. Невыпадковы не толькі ў плане шанавання памяці работы папярэднікаў, але і для будучыні. Вельмі прыемна, што падсумоўваецца гэты год такой вялікай справай, як выхад у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» аднатомнай энцыклапедыі «Францыск Скарына». Саюз пісьменнікаў Беларусі таксама праводзіў шмат конкурсаў, рэалізоўваў ініцыятывы.
Падрыхтоўка да 500-годдзя айчыннага кнігадруку пачалася яшчэ летась. Сёлета старт юбілею быў дадзены на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы. У межах мерапрыемства прайшоў сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час», на якім сабраліся прадстаўнікі 20 краін свету. Важнай часткай святкавання стаў Дзень беларускага пісьменства, які сімвалічна прайшоў на радзіме Францыска Скарыны ў Полацку. Свята было насычана разнастайнымі мерапрыемствамі, сярод якіх Міжнародны круглы стол беларускіх і замежных літаратараў «Дыпламатыя слова. Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы», фінал Рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». Дзякуючы Міністэрству інфармацыі, Міністэрству культуры, Міністэрству замежных спраў, Нацыянальнай бібліятэцы, пасольствам кнігі скарынаўскай тэматыкі былі прадстаўлены ў многіх краінах. Круглыя сталы, прысвечаныя 500-годдзю беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, прайшлі ў Празе, Парыжы, Вільнюсе, Лондане, Варшаве, Пекіне, Бялградзе, Маскве, Санкт-Пецярбургу. І гэта далёка не ўсе гарады. А праект Выдавецкага дома «Звязда» — кніга «Францыск Скарына на мовах народаў свету» набыў вялікую папулярнасць. Урывак з прадмовы да кнігі «Юдзіф» перакладзены на 66 моў.
На мерапрыемстве не былі агучаныя лічбы, колькі ўсё ж такі здзейснена праектаў, прысвечаных Францыску Скарыну. Падлічыць немагчыма. Яны ажыццяўляліся па ўсёй краіне і былі навуковыя, творчыя, нават дзіцячыя. А зусім нядаўна адбылася прэм'ера фільма «Скарына», у якім паказаны не проста лёс першадрукара, а зроблены акцэнт на характары, звычках і выглядзе асветніка.
500-годдзе беларускага кнігадрукавання стала адпраўным пунктам да яшчэ больш актыўнай дзейнасці ў напрамку развіцця айчыннай культуры. Пра дасягненні і планы на будучыню на мерапрыемстве расказаў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі:
— Калі мы кажам пра захаванне спадчыны Скарыны, трэба памятаць, што гісторыя дайшла да нас з дапамогай людзей, здаецца, непрыкметнай прафесіі — бібліятэкараў. Дзякуючы іх працы ў Беларусі, а таксама нашым калегам у Расіі, Польшчы, Літве, Украіне, нам па старонцы ўдалося сабраць выданне, якое на сёння з'яўляецца найбольш поўным зборам кніжнай спадчыны Скарыны. Я ўпэўнены, што мы ведаем пра Скарыну далёка не ўсё, аднак зрабілі яшчэ адзін крок наперад. Да працы далучыліся не толькі навукоўцы, але і ўсе людзі, неабыякавыя да гісторыі народа. Гэты год яшчэ і Год навукі. І мы невыпадкова ўслаўляем нашага першага доктара навук, які пакінуў пасля сябе вялікую спадчыну. Кіраўнік краіны паставіў перад намі вельмі важную, але няпростую задачу — фарміраваць культурны імунітэт нашага народа, і не толькі ў год 500-годдзя кнігадрукавання. Таму многія навуковыя і творчыя праекты чакаюць нас наперадзе.
Падчас падвядзення вынікаў была адзначана прафесійная праца СМІ, якія ў вялікім аб'ёме асвятлялі святочныя мерапрыемствы, падрыхтавалі шмат цікавых матэрыялаў пра гісторыю беларускага кнігадрукавання, дзякуючы гэтаму пра знакавы юбілей даведаліся далёка за межамі Беларусі.
Вікторыя АСКЕРА
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-askera
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/500-goddze-belaruskaga-knigadrukavannya