Іна САНЧУК, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта:
— Выпісваю «Звязду» ўжо, напэўна, гадоў 15. З тых самых часоў, як змяніла прафесію выхавальніцы на вядучую мясцовага радыё. Мая перадача гучала па-беларуску, і беларуская мова газеты вельмі дапамагла мне ў той час. Па «Звяздзе» я літаральна вучылася начытваць тэксты. Чытала ўголас, бо мне было важна, па-першае, добра вымаўляць словы, па-другое, бегла чытаць. Асаблівай дапамогай выданне было тады, калі трэба было рыхтаваць перадачу тэрмінова, літаральна за 30—60 хвілін да эфіру. Я і цяпер дома стараюся штовечар хоць бы хвілін 15 пачытаць уголас.
Выданне вельмі падабаецца мне сваёй манерай пісьма, гучаннем, разнастайнасцю тэм. Абавязкова кожны раз чытаю «Мясцовае самакіраванне». З «Крынічкі» на апошняй старонцы нешта заўжды бяру на ўзбраенне. А якая была рубрыка Івана Крука пра абрады! У мяне ўсе выразкі з яго публікацыямі дома ляжаць. Я іх збірала, пакуль не купіла сабе яго зборнік «Залатыя правілы народнай культуры».
Хачу яшчэ заўважыць, што, акрамя непасрэдна журналісцкіх артыкулаў, вельмі добра падбіраюцца для друку ў нумары выказванні вядомых класікаў і сучасных аўтараў на беларускай мове. Яны ўсе дакладныя, трапныя, жыццёвыя, без залішняга пафасу ці філасафічнасці.
«Звязда» па-ранейшаму застаецца для мяне памочніцай і добрым настаўнікам у жыцці. Таму шчыра дзякую выданню і яго аўтарам і жадаю творчых поспехаў і новых вышынь.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/zvyazda-1
[3] https://zviazda.by/be/tags/padpiska-na-zvyazdu