У сталіцы прайшоў фінал рэспубліканскага конкурсу маладзёжных праектаў: студэнты і школьнікі прапанавалі свае ідэі выкарыстання лічбавых тэхналогій у адукацыі. Усяго за перамогу ў фінале змагаліся 20 камандаў, журы выбрала восем самых лепшых праектаў.
Разнастайнасць прапанаваных ідэй уразіла нават айці-экспертаў. Так, прадстаўленыя Androіd-праграмы дазваляюць ператварыць хатняе заданне па замежных мовах у захапляльны квэст, вучаць чарчэнню і дапамагаюць малодшым школьнікам асвоіць работу на планшэце. А, напрыклад, Telegram-бот дапамагае настаўніку аўтаматызаваць, а значыць, хутка правесці і праверыць тэст па любым прадмеце. Уразіла таксама ўласная мадэль 3D-прынтара аднаго з вучняў сталічнай гімназіі. Аўтары найлепшых ідэй займеюць падтрымку экспертаў па прасоўванні праектаў.
— Праз 5—10 гадоў сённяшнія школьнікі і студэнты будуць вызначаць развіццё навукі і тэхналогій. Да каго яшчэ звярнуцца па ідэі будучыні, як не да іх? Да таго ж яны знутры ведаюць усе добрыя якасці і недахопы сучаснай сістэмы адукацыі і могуць падказаць, як яе палепшыць. Менавіта таму Міністэрства адукацыі лічыць сваёй найважнейшай задачай падтрымку маладых распрацоўшчыкаў і ўкараненне лічбавых тэхналогій у працэс навучання. Мы праводзім конкурс маладзёжных праектаў ужо другі раз і без ілжывай сціпласці скажу: з такой моладдзю нашу краіну чакае бліскучая «лічбавая» будучыня. Вельмі прыемна і тое, што беларускі бізнес падтрымаў ініцыятыву. Мы ўдзячныя нашым партнёрам, асабліва кампаніі МТС, за дапамогу ў арганізацыі конкурсу, — расказаў дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Мінадукацыі Павел Ліс.
— Будучыня — за моладдзю і тэхналогіямі. Конкурс падарыў нам мноства выдатных ідэй, якія вартыя быць рэалізаванымі. Для нас гэта не проста спаборніцтва таленавітых хлопцаў і дзяўчат, а перш за ўсё дыялог з імі, магчымасць разам з моладдзю будаваць будучыню і рабіць яе больш камфортнай, — адзначыў кіраўнік камерцыйнага дэпартамента МТС Мікалай Булаш.
Эксперты запэўніваюць, што інавацыйныя праекты, якія прапанавалі канкурсанты, могуць змяніць наша жыццё ўжо сёння. Усяго на конкурс «Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу» было пададзена больш за 100 заявак ад старшакласнікаў, навучэнцаў прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў краіны ва ўзросце да 23 гадоў.
Пераможцы конкурсу «Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу»:
Конкурс маладзёжных праектаў Міністэрства адукацыі і кампанія МТС правялі ў рамках заключанага пагаднення аб супрацоўніцтве. За час сумеснай работы партнёры рэалізавалі і мноства іншых буйных праектаў: урокі па бяспечных паводзінах у сеціве для вучняў малодшых класаў і навучальныя семінары па адказных паводзінах у інтэрнэце для настаўнікаў, ІT-курсы для школьнікаў у аздараўленчым лагеры, інтэрактыўную платформу для настаўнікаў і бацькоў «Інавацыйная школа».
Сяргей РАСОЛЬКА
rs@zviazda.by [4]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:rs@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/pavel-lis
[6] https://zviazda.by/be/tags/mts
[7] https://zviazda.by/be/tags/mikalay-bulash
[8] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0