У лютым у сталіцы нашай краіны адбудзецца Міжнародны сімпозіум «Пісьменнік і час».
Разам збяруцца паэты, празаікі, публіцысты, перакладчыкі больш як з дваццаці краін свету: Азербайджана, Арменіі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Пакістана, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Таджыкістана, Украіны, Чарнагорыі, Эстоніі... У час работы форуму будуць абмеркаваны самыя розныя пытанні, звязаныя з міжнароднымі літаратурнымі стасункамі, станам мастацкага перакладу ў розных краінах, выпускам літаратурна-мастацкай перыёдыкі.
— Несумненна, пойдзе размова пра адносіны пісьменніка і грамадства, месца мастакоў слова ў барацьбе за мір у няпростых сённяшніх умовах, — гаворыць намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» — галоўны рэдактар часопіса «Нёман» [4] Аляксей Чарота.
Выдавецкі дом «Звязда» разам з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і выдавецтвам «Мастацкая літаратура» выступае заснавальнікам, арганізатарам гэтага праекта. Да міжнароднага сімпозіума, які пройдзе 8—9 лютага, прымеркаваны цэлы шэраг кніжных праектаў, звязаных з прадстаўленнем замежных літаратур на беларускай мове. У выдавецтве «Мастацкая літаратура» пабачыць свет анталогія кітайскай паэзіі ХХ стагоддзя. Прадоўжыцца выпуск кніг у серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая». Чарговы зборнік прадставіць творчасць Вэнь Ідо. Выйдзе кніга сучаснай сербскай прозы на беларускай мове. Перакладчык — вядомы ў краіне сербіст прафесар Іван Чарота. Будуць рэалізаваны і іншыя праекты.
Сяргей ШЫЧКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] http://zviazda.by/be/edition/nyoman
[5] mailto:shychko@zviazda.by
[6] https://zviazda.by/be/tags/alyaksey-charota
[7] https://zviazda.by/be/tags/pismennik-i-chas