Вучэбна-метадычны дапаможнік “Навучанне кітайскаму іерагліфічнаму пісьму студэнтаў моўнай ВНУ” выдадзена ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Яго аўтарам выступіла дацэнт кафедры кітайскай філалогіі філалагічнага факультэта ўніверсітэта Юлія Малаткова. Над дапаможнікам яна працавала з 2010 года.
Для Беларусі выданне з'яўляецца ўнікальным і першым у гэтай сферы. Пры падрыхтоўцы падручніка аўтар абапіралася на вынікі навуковых эксперыментаў у вывучэнні іерагліфічнага пісьма, якія былі атрыманы ў працэсе выкладання курса "Асновы іерогліфікі” на філалагічным факультэце БДУ. Даследчык раскрыла лінгвістычныя асаблівасці знакавай сістэмы, а таксама псіхалагічныя заканамернасці яе засваення. Малады навуковец распрацавала эфектыўную методыку навучання іерагліфічнаму пісьму, якая грунтуецца на агульных падобных прыкметах іерогліфаў, якія могуць супадаць па напісанні, гукалітарным стандарце і значэнні.
Тэарэтычны матэрыял у дапаможніку падмацаваны практычнымі заданнямі. Усяго падручнік ўключае 1000 іерогліфаў, якія прызначаны для асваення пісьма на першым годзе навучання. Выданне прызначана для лінгвістаў, выкладчыкаў кітайскай мовы, студэнтаў, магістрантаў, а таксама ўсіх, хто цікавіцца кітайскай мовай і іерагліфічным пісьмом.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kitay
[2] https://zviazda.by/be/tags/bdu