Гісторыя пачалася некалькі дзён таму, але кульмінацыі дасягнула ўчора. Дык вось, у аўторак пасля работы прыходжу па Васілісу ў садок, яна выбягае з групы і суне мне ў рукі абкусаны кавалак белага хлеба. Я без асаблівай увагі паклаў яго ў сумку, вырашыў, маўляў, проста не даела. Хутка сабраліся, пайшлі дадому. Пра хлеб забыліся.
Забіраю Васёну ўчора, яна скача мне на шыю і на ўсю групу жаласна заяўляе: «Татачка, прабач, я сёння табе нічога не вынесла». Няёмкая паўза, усмешкі бацькоў. Пераводзім усё на жарт, збіраемся. Па дарозе дадому Васіліса пачынае дурэць і патрабаваць зляпіць снегавіка. Улічваючы позні час, спрабую выкруціцца: «Васіліса, давай іншым разам. Снег сёння дрэнна лепіцца, ды і тата ж хоча есці...». Дачка рэагуе імгненна: «Татачка, прабач, калі ласка, я хацела пра цябе паклапаціцца, але выхавацелька не дазволіла выносіць ежу...»
І тут мне ўсё стала зразумела: кожны раз, калі мы спяшаемся з садка дадому, я кажу, што хачу есці! Паглядзеў на свайго верабейку ў ружовай куртачцы, і такая радасць накрыла, што ў яе маленькім сэрцы столькі любові і дабрыні.
Сёння прыйшоў на работу, дастаў з сумкі засохлы кавалачак хлеба, размачыў у гарбаце і з'еў. Гэта было самае смачнае, што мне даводзілася каштаваць у сваім жыцці!
Аляксандр АЛЕСІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandr-alesik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta