Традыцыйны, ужо дзявяты, Вялікі Навагодні баль адбудзецца сёння ў Вялікім тэатры оперы і балета. Мы пісалі [3] пра яго яшчэ ў кастрычніку, калі арганізатары і будучыя госці пачалі рыхтавацца да мерапрыемства праз урокі танцаў пад кіраўніцтвам балетмайстра-рэпетытара Вялікага тэатра Юліі Дзятко.
Куды паставіць нагу ў вальсе — канешне, не адзінае, што трэба ведаць на такім мерапрыемстве, але шмат чаго адбываецца аўтаматычна — выпростваецца спіна, мяняюцца паходка і позірк, прыходзіць адпаведны настрой. Тым больш што танцавальны майстар-клас адбудзецца і на самім балі, як і неверагодная колькасць іншых пунктаў багатай праграмы — музыка Іспаніі і фольк, старадаўнія танцы, арт-квэст, бармен-шоу, магчымасць пагутарыць з салістамі тэатра і іншае.
Вялікі баль такім чынам прапануе не толькі эксклюзіўную праграму, але і знаходжанне на ўрачыстасці былой эпохі. Хоць поўнасцю адарвацца ад рэальнага свету не атрымаецца: такія словы, як квэст, бармен і караоке стануць яго актуальнымі знакамі. Так, балі ўжо не тыя, але з іх мадыфікацыямі гэта ўсё яшчэ балі.
Урачыстае адкрыццё адбудзецца а дзявятай гадзіне вечара ў фае бельэтажа тэатра. Спадзяёмся, гэтай ноччу на прыступках да Вялікага нехта згубіць свой туфлік і распачне ўласную казку.
Сафія ПАЛЯНСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/safiya-palyanskaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] http://zviazda.by/be/news/20171006/1507297993-pachynac-ryhtavacca-da-balyu-u-vyalikim-teatry-treba-uzho-u-kastrychniku
[4] https://zviazda.by/be/tags/bal
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyaliki-teatr-opery-i-baleta
[6] https://zviazda.by/be/tags/vyaliki-navagodni-bal