У Брэсце з трыумфам завяршыўся юбілейны ХХХ Міжнародны фестываль «Студзеньскія музычныя вечары». Сёлетні фэст класічнай музыкі сабраў больш за 500 удзельнікаў з 13 краін свету. А ўсяго, падлічылі арганізатары, за трыццаць гадоў гісторыі форуму Брэст наведалі больш за сем тысяч музыкантаў і выканаўцаў класічнай музыкі.
У гэтым годзе «Вечары» вызначыліся ўдзелам фактычна ўсіх вядучых аркестраў краіны. Так, напачатку фестываль прывітаў [4] выступленнем Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь. А ў апошні фестывальны дзень на сцэне Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы джазава-эстрадную праграму прадставіў гледачам Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга.
Аматараў класічнай музыкі парадавалі оперныя спевакі і знакамітыя музыканты. А перад пачаткам заключнага канцэрта «Вечароў» старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК зрабіў нечаканую заяву. Кіраўнік горада паведаміў, што «Студзеньскія музычныя вечары» крыху мяняюць фармат і будуць прадоўжаны летам, калі Брэст святкуе дзень горада. Менавіта ў канцы ліпеня адбудзецца вялікі начны канцэрт класічнай музыкі. І яго слухачамі стануць не толькі тыя людзі, што загадзя купілі білеты, як гэта бывае зімой, а ўсе ахвотныя, бо канцэрт пройдзе на плошчы Леніна. Такім чынам, на думку мэра, моладзь будзе прывучацца да цудоўнага і вечнага жанру мастацтва — класічнай музыкі.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] http://zviazda.by/be/news/20180104/1515058170-prezidencki-arkestr-vystupic-na-studzenskih-muzychnyh-vecharah
[5] mailto:yackevich@zviazda.by
[6] https://zviazda.by/be/tags/studzenskiya-muzychnyya-vechary
[7] https://zviazda.by/be/tags/brest
[8] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-ragachuk