Камісіяй па надзвычайных сітуацыях пры Мінскім абласным выканаўчым камітэце прынята рашэнне забараніць выхад на лёд з 22 снежня да заканчэння ледаставу на тэрыторыі сталічнага рэгіёна. Перш за ўсё забарона скіравана на забеспячэнне бяспекі і папярэджанне няшчасных выпадкаў на вадаёмах вобласці. Ратавальнікі звяртаюць увагу бацькоў на неабходнасць правесці гутаркі з дзецьмі аб недапушчальнасці гульняў на азёрах і рэках.
Рэкамендацыі выратавальнікаў
Калі вы праваліліся пад лёд, самае галоўнае — не паддавацца паніцы. Пакуль паміж пластамі адзення застаецца паветра, вы зможаце трымацца на плаве. Каб выбрацца з палонкі, налягайце грудзьмі на лёд і шырока расстаўце рукі, тым самым вы павялічыце плошчу апоры і паменшыце ціск на беражок лёду. Уставаць, калі вы выбраліся з вады, катэгарычна забаронена, бо застаецца небяспека зноў праваліцца пад лёд, — варта адкаціцца далей і паўзком дабірацца да берага.
Калі вы раптам сталі відавочцам таго, што здарылася, то ў першую чаргу ацаніце абстаноўку і падумайце, ці зможаце дапамагчы чалавеку або лепш паклікаць яшчэ каго-небудзь на дапамогу. Бо пры няправільных дзеяннях ёсць пагроза самому аказацца ў бядзе. Для аказання дапамогі ўзбройцеся палкай альбо вяроўкай, падпаўзіце да месца пралому лёду за 3-4 метры і падайце пацярпеламу другі канец наяўнага сродку выратавання. Пасля выцягвання чалавека з вады яго неабходна адразу ж адвесці ў цёплае месца і выклікаць хуткую дапамогу.
У выпадку, калі вы апынуліся ў небяспечным для жыцця і здароўя становішчы, неадкладна тэлефануйце па тэлефонах 101 ці 112.
Неўзабаве надыдзе Вадохрышча. З гэтай нагоды ратавальнікі заклікаюць ахвотных акунуцца рабіць гэта толькі ў спецыяльна вызначаных для таго месцах.
— Там будуць дзяжурыць медыкі, нашы работнікі. Месцы для акунання будуць абсталяваны належным чынам, — сказала афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч. — Але ў любым выпадку мы раім грамадзянам найперш ацэньваць свае сілы і магчымасці.
Сяргей РАСОЛЬКА
rs@zviazda.by [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:rs@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/lyod
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyratavalniki