Яшчэ на аднаго інвестара ў Магілёўскай вобласці стала больш. У аблвыканкаме падпісаны дагавор аб стварэнні ў Клімавіцкім раёне прадпрыемства па вырабе мяса індычкі. Падпісалі яго губернатар вобласці Уладзімір Даманеўскі і старшыня праўлення групы кампаній АRVІ Відмантас Кучынскас.
Літоўцы збіраюцца арганізаваць тут поўны цыкл вытворчасці, пачынаючы ад вырошчвання птушкі да паглыбленай перапрацоўкі мяса. Літоўскі інвестар паведаміў, што рэалізаваць задуманае плануецца ў наступныя некалькі гадоў. Кампанія збіраецца прыступіць да будаўнічых работ ужо вясной, праект ацэньваецца ў больш чым 50 мільёнаў долараў.
— Нашы інвестары будуць працаваць у рамках Указа № 235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці», які прадугледжвае адпаведныя прэферэнцыі, — адзначыла намеснік старшыні Клімавіцкага райвыканкама Аляксандра Міхеенка. — Са свайго боку мы прапануем ім усе неабходныя аб'екты інжынерна-транспартнай інфраструктуры. Для вытворчасці мы прадстаўляем тры зямельныя ўчасткі на тэрыторыі былога ваеннага гарадка, які размяшчаецца за 10 кіламетраў ад райцэнтра — каля вёскі Барсукі, і адзін — непасрэдна ў Клімавічах. У Барсуках плануецца будаўніцтва
30 птушнікаў для маладняку і адкорму індычкі, а ў райцэнтры размесціцца завод па забоі і перапрацоўцы птушкі. Праект дасць магчымасць стварыць каля 100 новых працоўных месцаў. Не выключана, што для супрацоўнікаў новага прадпрыемства будзе пабудаваны спецыяльны інтэрнат.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/pryvatny-biznes
[4] mailto:zigulya@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/klimavicki-rayon
[6] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika