Здавалася б, час "дэфіцытаў" у нас назаўсёды скончыўся. Аказваецца, гэта не зусім так. Сёння ў сельскай мясцовасці дэфіцыт... нявест. На кожную тысячу сельскіх мужчын 20-29 гадоў прыпадае крыху больш за 750 жанчын такога ж узросту. Куды зніклі дзяўчаты? Падаліся ў горад! Як ім тут жывецца?
Застацца ў роднай вёсцы пасля заканчэння школы – такога Марына нават уявіць сабе не магла. Сярод яе аднакласнікаў гэта лічылася, мабыць, самай вялікай жыццёвай няўдачай. І ў гэтай няўдачы была назва: “круціць каровам хвасты”.
Асабліва непрывабным такі занятак лічаць для сябе дзяўчаты. Таму яны і з'язджаюць у горад. Марына таксама з'ехала з роднай вёскі. У Мінску ўладкавалася працаваць у кафэ – мыйшчыцай посуду. Потым стала афіцыянткай. У яе кафэ ўсе афіцыянткі, мыйшчыцы, прыбіральшчыцы – дзяўчаты з вёсак.
Марына жыве ў Мінску ўжо восьмы год. Разам з дзвюма сяброўкамі здымае аднапакаёвую кватэру ў новабудоўлі. Дабіраецца на працу амаль гадзіну. Дзе бывае, акрамя свайго кафэ? Амаль што нідзе. У выхадныя ездзіць на вёску дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Ці ёсць у яе хлопец? Быў, з яе ж вёскі. Але Марына з ім развiталася. Не для таго яна ў горад з'ехала, каб выйсці замуж за вяскоўца. А з гарадскімі хлопцамі адносiны неяк не складваюцца. Ужо некалькі разоў завязваліся ў Марыны з імі знаёмствы, але нічога сур'ёзнага не атрымлівалася. Для вясёлага баўлення часу і забавы яны з ёй сустракаюцца, а вось для сур'ёзных адносiн яе былыя хлопцы выбралі гарадскіх дзяўчат. У суседак па здымнай кватэры таксама не атрымліваецца стварыць сям'ю з гарадскімі, хоць дзяўчатам ужо амаль па трыццаць гадоў.
Ці апраўдаліся надзеі Марыны, што гарадское жыццё лепш за вясковае? Ды пакуль што не... Што збіраецца далей рабіць? Безумоўна, у горадзе працаваць! У гэтым жа кафэ, або можа ў іншым...
Гісторыя Марыны – тыповая. Працаваць на ферме, у полі лічылася непрэстыжным яшчэ тады, калі былі маладзенькімі бабулі цяперашніх сельскіх дзяўчат. І ў даяркі ішлі толькі тыя, хто з цяжкасцю адолеў восем класаў. Зрэшты, нават яны спрабавалі паступаць у ПТВ – вучыліся на маляроў і швачак, каб зачапіцца ў горадзе. Ну а тыя, што паступалі ў тэхнікумы, ВНУ, лічы, злавілі сваю жар-птушку ўдачы.
Пасля заканчэння вучобы ўсімі спосабамі спрабавалі “атрымаць прапіску”. Замужжа з гарадскiм хлопцам і нараджэнне дзіцяці было самым надзейным з гэтых спосабаў.
Так было 10, 20, 30 гадоў таму. Сёння сітуацыя не змянілася. Хіба што міграцыя ў горад стала больш масавай. І ў дворнікі ісці жадаючых стала менш. Вясковыя дзяўчаты – без прафесіі, жылля – шукаюць больш прэстыжныя варыянты, адваёўваючы сваё месца пад “гарадскім” сонцам.
Статыстычны партрэт міграцыі з вёскі ў горад выглядае прыкладна так.
- Самая вялікая ўзроставая група ў нашай краіне – маладыя людзі 25-30 гадоў. Іх амаль 1 мільён. Але толькі 17% з іх жывуць на вёсцы, астатнія 83% – у гарадах.
- Колькасць моладзі ў вёсках зменшылася за апошнія 10 гадоў амаль на 200 тысяч.
- Калі паглядзець у гістарычным разрэзе, то ў 1960-я з сельскай мясцовасці ў горад больш выязджала мужчын. З пачатку 2000-х пераважае жаночая ўнутраная міграцыя.
- Штогод пераязджаюць з вёсак у гарады амаль 40 тысяч маладых людзей, большасць з іх – дзяўчаты. Далёка не ўсе яны атрымалi ў горадзе вартую работу, знайшлі тут сваё сямейнае шчасце.
- А хлопцы, што засталiся ў вёсцы, таксама не ствараюць сем'яў – нявест усім не хапае. Вось такое замкнёнае шлюбна-сямейнае кола атрымліваецца.
Сацыёлагі, дэмографы, эканамісты і культуролагі даўно шукаюць тлумачэнне фенамену гарачай “любові” вясковай моладзі да горада. Сумеснымі намаганнямі прыйшлі да высновы, што ў горад едуць, па-першае, атрымаць адукацыю, рэалізаваць свае кар'ерныя амбіцыі. Па-другое, едуць за больш высокімі сацыяльнымі стандартамі – бытавыя ўмовы, ахова здароўя ў горадзе лепшыя, чым у вёсцы. Ды і гарадское жыццё больш разнастайнае і насычанае, яно дае чалавеку больш магчымасцяў развівацца.
Але пераехаць у горад з вёскі – гэта не проста памяняць месца жыхарства. Гэта – як купіць латарэйны білет. Для адных ён аказваецца шчаслівым: атрымліваюць адукацыю, робяць прафесійную кар'еру, ствараюць сям'ю, нараджаюць дзяцей. Для іншых у гэтай латарэі выпадае не самы ўдалы “выйгрыш”: з вучобай не атрымліваецца, вартай працы не знаходзяць, гадамі жывуць у інтэрнатах і на здымных кватэрах, сям'я не складваецца.
Гарадское культурнае асяроддзе – тэатры, канцэрты, выстаўкі – нярэдка застаецца нецікавым і незапатрабаваным для вяскоўцаў.
Увогуле, як гавораць сацыёлагі, адаптавацца ў гарадскім асяроддзі не атрымліваецца больш чым у паловы: адарваліся ад вёскі, але так і не знайшлі свайго месца, свайго шчасця ў горадзе…
Чаму ж не ўдаецца ўпісацца ў новыя гарадскія ўмовы? Калі маладыя людзі прыязджаюць у горад (нават на вучобу), адбываецца іх рэсацыялізацыя – пераўтварэнне сельскай асобы ў новую, гарадскую. Гэта няпросты, доўгі і даволі балючы працэс. Новае асяроддзе, выбар новых сяброў, іншыя статус і магчымасці самарэалізацыі – усё гэта адбываецца ўдалечыні ад роднага дому, бацькоў і знаёмай абстаноўкі. Людзей навокал шмат, але ўсе яны жывуць сваім жыццём, да “навабранцаў” асаблівай справы нікому няма. І сельскія маладзенькія дзяўчаты нярэдка адчуваюць адзіноту, стрэс, пачуццё небяспекі.
Дарэчы, адаптацыя – з'ява не толькі сацыяльная, але і біялагічная. Гэта працэс, які накіраваны на захаванне стабільнасці арганізма. А вымушаная актыўная адаптацыя ў горадзе проста “з'ядае” жыццёвыя рэсурсы чалавека. І ён нярэдка ламаецца.
Вядома, многае залежыць ад якасцяў самога перасяленца. Каб знайсці, а часцей адваяваць сваё месца пад “гарадскім” сонцам, трэба быць мэтанакіраваным, упартым, працаздольным, напорыстым, з валявым характарам. І, вядома, пажадана быць неардынарным, таленавітым. Такі набор якасцяў якраз і дапамагае рэсацыялiзавацца з вясковай асобы ў гарадскую.
Але, на жаль, далёка не ўсе сельскія дзяўчаты валодаюць гэтымі якасцямі. А галоўнае, далёка не ўсе яны ў стане ацаніць свае магчымасці, перабіраючыся на ПМЖ у горад. Ад вёскі яны адрываюцца, але гарадскімі пры гэтым не становяцца. Туляцца адна да адной, выбіраючы сябровак, а ў рэшце рэшт, і мужчын са свайго звыклага вясковага асяроддзя. І проста пераносяць у горад свой сельскі ўклад жыцця. Для Мінска і іншых беларускіх гарадоў гэта асабліва характэрна.
У апошнія гады нямала робіцца, каб даць вясковай моладзі новыя перспектывы – пабудаваныя аграгарадкі, ствараюцца новыя працоўныя месцы, маладым спецыялістам прадастаўляюць ільготы, павышаюць заробкі. Здавалася б, можна атрымаць у горадзе адукацыю і вярнуцца назад у вёску, у звыклае роднае асяроддзе. Але гэты алгарытм увесь час дае збоі. Нават атрымаўшы адукацыю ў аграрных ВНУ, працаваць і жыць на вёсцы дзяўчаты не надта iмкнуцца. А дзяўчаты, якія скончылі толькi сярэднюю школу або каледж, звязваюць свае жыццёвыя планы толькі з горадам.
Вось так і застаюцца хлопцы на вёсцы без нявест. А многія сельскiя дзяўчаты ў горадзе так i не знаходзяць свайго сямейнага шчасця. Што думаеце на гэты конт вы, нашы дарагія чытачы? Якім вам бачыцца рашэнне праблемы “сельскіх нявест”?
Людмiла КУСЛІВАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/selskaya-myascovasc
[2] https://zviazda.by/be/tags/gorad
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyoska
[4] https://zviazda.by/be/tags/nyavesty
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzyauchaty
[6] https://zviazda.by/be/tags/alesya-0