Кампаніі Google, Amazon і Netflix ўсталі на падатковы ўлік у Беларусі для аплаты ПДВ на электронныя паслугі (так званы падатак на Google). Пра гэта паведаміў міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка падчас наведвання прэм'ер-міністрам Андрэем Кабяковым інспекцыі МПЗ па Заводскім раёне Мінска.
Прымаць заявы аб пастаноўцы на ўлік у падатковым органе ад замежных кампаній-пастаўшчыкоў электронных паслуг пачалі пасля 1 студзеня 2018 года. Зараз у спісе ўжо 6 арганізацый, сярод якіх Google, Amazon, Netflix, Linkedin, распавёў Сяргей Налівайка. У гэты пералік неўзабаве плануе ўвайсці Uber і іншыя кампаніі.
Міністр нагадаў, што змены ў Падатковы кодэкс Беларусі, якія прадугледжваюць падаткаабкладанне замежных электронных паслуг, былі падрыхтаваныя яшчэ ў 2016 годзе, але ўступілі ў сілу з 1 студзеня 2018 года. Дзякуючы гэтаму ў кампаній быў час падрыхтавацца да новых правілаў працы. "Мы бачым, што сур'ёзныя кампаніі паставіліся да новаўвядзенняў адказна. Хоць у іх яшчэ ёсць час стаць на ўлік да канца квартала, яны робяць гэта ўжо зараз, загадзя", - сказаў Сяргей Налівайка.
Першыя плацяжы ў бюджэт ад замежных кампаній будуць у красавіку - гранічным тэрмінам выплаты вызначана 22 красавіка. Пры гэтым плацельшчыкi маюць права стаць на падатковы ўлік да канца таго справаздачнага квартала, у якім узнікае аб'ект падаткаабкладання. То бок, калі паслуга была прададзеная беларусу ў студзені 2018 года - гэта да 31 сакавіка 2018 года трэба стаць на ўлік. Пры збіранні ПДВ будзе прымяняцца стандартная стаўка ў 20%.
МПЗ разлічвае у 2018 годзе атрымаць каля $4 млн ад "падатку на Google".
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://www.belta.by