Беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі мае даўнія карані і вялікія перспектывы. За некалькі мінулых гадоў у рамках Саюзнай дзяржавы прынята нямала сумесных праграм. Напрыклад, усім вядомы праект па стварэнні трансгенных жывёл. Разам з тым магчымасці інтэграцыі ў сістэме АПК выкарыстоўваюцца далёка не цалкам.
Пра гэта гаварылася на нарадзе ў рамках падрыхтоўкі да V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, якая прайшла пад кіраўніцтвам старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандра Папкова. У ёй прынялі ўдзел старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, старшыня канцэрна «Беллегпрам» Мікалай Яфімчык, кіраўнікі навукова-практычных цэнтраў НАН Беларусі.
На думку Аляксандра Папкова, першачарговая задача супрацоўніцтва Беларусі і Расіі на гэтым этапе — фарміраванне адзінай аграрнай палітыкі Саюзнай дзяржавы, якая мае на ўвазе: стварэнне агульнага рынку, гарантаванне харчовай бяспекі, арганізацыю міждзяржаўных кааперацыйна-інтэграцыйных структур у АПК, у тым ліку сумеснага кластара (холдынга) па вытворчасці і перапрацоўцы лёну-даўгунцу.
Аналіз вынікаў правядзення форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі мінулых гадоў паказвае станоўчую дынаміку росту міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. На першых трох форумах заключана 62 пагадненні аб супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі, на чацвёртым — ужо 77.
Разам з тым удзельнікі нарады адзначылі, што ў практычнай рэалізацыі сумесных міждзяржаўных праектаў існуюць некаторыя праблемы. Калі паміж акадэміямі навук Беларусі і Расіі ёсць поўнае паразуменне, то на ўзроўні міністэрстваў сельскай гаспадаркі з расійскага боку часам прысутнічае нежаданне рабіць канкрэтныя крокі па рэалізацыі падпісаных пагадненняў.
А менавіта сельскагаспадарчая галіна мае найбольшыя перспектывы ў развіцці ўзаемавыгаднага расійска-беларускага супрацоўніцтва. Спецыялісты і навукоўцы сцвярджаюць, што будучыня — за буйнымі інтэграванымі структурамі па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання. Аб'яднаўшы намаганні, расійскія і беларускія аграрыі могуць перамагчы любую канкурэнцыю на сусветных рынках. Але для гэтага неабходны практычныя крокі.
З мэтай атрымання выніковасці дасягнутых пагадненняў у рамках Саюзнай дзяржавы і прыняцця канкрэтных крокаў па стварэнні адзінай аграрнай палітыкі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні прапанаваў арганізаваць сумесныя калегіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Расійскай акадэміі навук, а таксама Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Міністэрства сельскай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі.
Плануецца, што ў рамках V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі Пастаяннай камісіяй Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні будзе падрыхтавана пасяджэнне секцыі на тэму «Аграрная палітыка Саюзнай дзяржавы: вопыт, праблемы, перспектывы». На базе Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках з удзелам навукова-практычных цэнтраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі будуць абмяркоўвацца не толькі праблемы стварэння сумесных вытворчасцяў, але і ў цэлым перспектывы развіцця сельскіх тэрыторый. Вучоныя Беларусі і Расіі, а таксама спецыялісты аграрнага профілю азнаёмяцца з найлепшым вопытам сельскагаспадарчай вытворчасці на аснове генетычных і біятэхналагічных інавацый. Немалую цікавасць удзельнікаў і гасцей форуму павінна выклікаць і праблематыка, звязаная з развіццём лічбавай эканомікі ў сістэме аграпрамысловага комплексу.
Перспектывы ў саюзнай інтэграцыі ёсць: у цяперашні момант прамыя гандлёва-эканамічныя адносіны беларускіх рэгіёнаў падтрымліваюцца з 80 рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, у тым ліку больш чым з 60 — на падставе заключаных пагадненняў аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве.
Наталля БІТЭЛЬ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-bitel
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/selskaya-gaspadarka
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne