Цэнтральны апарат Міністэрства замежных спраў скарацілі прыкладна на трэць, замежныя ўстановы — на 15 %. Таксама Беларусь плануе закрыць генконсульствы ў Адэсе, Гданьску і Мілане. Пры гэтым больш увагі цяпер будуць надаваць рабоце ў тых краінах, якія прыносяць найбольшую аддачу. Учора тэмы аптымізацыі ў МЗС і развіццё знешнеэканамічнай дзейнасці, у тым ліку адносін з Еўрапейскім саюзам, абмяркоўваліся падчас сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком ведамства Уладзімірам Макеем.
— Я думаю, што вы хацелі абмеркаваць са мной пытанні аптымізацыі МЗС, калі там ёсць нейкія недамоўленасці, нестыкоўкі, няўзгодненасці. Я гатовы да таго, каб мы канчаткова маглі прыняць рашэнні, калі ёсць пытанні, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Больш за ўсё мяне цікавяць праблемы знешнеэканамічнай дзейнасці. Я знаёмы з вынікамі, але мяркую, у вас ёсць больш дакладная інфармацыя.
Прэзідэнт таксама пацікавіўся перспектывамі ў плане дыверсіфікацыі знешняга гандлю і дзейнасці нашых пасольстваў.
Уладзімір Макей, у сваю чаргу, адзначыў, што ў развіцці знешнеэканамічнай дзейнасці па выніках 2017 года назіраюцца станоўчыя тэндэнцыі.
— Адбыўся рост экспарту на 23%. Прычым на дзве трэці так склалася за кошт росту цэн, але на адну трэць — за кошт фізічнага росту экспарту. Таму ў цэлым гэта можна лічыць станоўчай тэндэнцыяй, — адзначыў міністр.
Вераніка ПУСТАВІТ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] mailto:pustavіt@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[6] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-makey