Той сонечны дзень для брэсцкіх дэсантнікаў запомніцца на ўсё жыццё. Пра такіх кажуць: нарадзіліся ў кашулі. Сапраўды, 5 красавіка 2017 года стала другім днём нараджэння для Дзмітрыя Страчука і Яўгена Жарскага, на той час вайскоўцаў 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады.
Пра тое, што падчас ваеннага вучэння ў Шумілінскім раёне магло здарыцца непапраўнае, мінулай вясной прагучала бадай з усіх СМІ. Пры ажыццяўленні скачкоў з Іл-76 з-за моцнага павеву ветру адбылося сыходжанне парашутыстаў. У аднаго з іх патух асноўны купал...
Лічаныя секунды — і Яўген Жарскі мог бы паляцець уніз. Але імгненная рэакцыя і добрая падрыхтоўка Дзмітрыя, які зафіксаваў рукамі асноўны купал парашута саслужыўца, зрабілі пасадку больш мяккай для абаіх.
За тымі скачкамі з парашутамі, якія адназначна ўвайшлі ў гісторыю, па меншай меры беларускай арміі, назіраў і камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл генерал-маёр Вадзім ДЗЕНІСЕНКА.
— Мы бачылі, як усё адбывалася, і гэта было выпрабаваннем для нас, — прызнаўся пазней камандуючы. — Назіраючы за хлопцамі ў паветры, мы разумелі, што яны навучаныя і змогуць справіцца з сітуацыяй. Канешне, гонар за нашых ваеннаслужачых перапаўняе. Самае галоўнае, што адзін з іх не пакінуў таварыша ў бядзе. Нават цяпер, калі пагутарыць з імі, яны не да канца ўсведамляюць, што здзейснілі подзвіг.
І гэта праўда. Сваімі дзеяннямі ў экстрэмальнай сітуацыі хлопцы выратавалі жыццё адзін аднаму. Калі да Дзмітрыя Страчука ў першыя ж дні пасля выпадку была прыкавана ўвага вайсковых начальнікаў і журналістаў, то Яўген Жарскі канчаткова паверыў у гэта, калі стаяў на пляцы 38-й дэсантна-штурмавой брыгады ў Брэсце, дзе на днях міністр абароны ўручыў яму і яго таварышу медалі «За адвагу».
Як адзначыў генерал-лейтэнант Андрэй РАЎКОЎ, радавыя, якія пры дэсантаванні выручылі адзін аднаго, праявіўшы найвышэйшую якасць падрыхтоўкі ў найскладанейшай сітуацыі, атрымалі свае заслужаныя ўзнагароды. Акрамя таго, міністр абароны выказаў словы ўдзячнасці як героям, якія здзейснілі подзвіг, так і іх бацькам, якія выхавалі сваіх сыноў сапраўднымі абаронцамі Айчыны.
Аб тым, што сын выратаваў жыццё таварышу, бацькі Дзмітрыя Страчука даведаліся з газет і інтэрнэту. Як прызнаецца маці хлопца Наталля Міхайлаўна, вельмі перажывалі, асабліва за Жэню. На наступны дзень звязаліся з сынам, але ён не быў красамоўны. Хлопец і сёння не любіць расказваць пра той дзень, хоць памятае яго, здаецца, пасекундна.
Разам з бацькамі Дзіма жыве ў вёсцы Тамашоўка, што ў Брэсцкім раёне. Як і ўсе сямейнікі, працуе ў сельскай гаспадарцы. Цяпер хлопец — мясцовая славутасць. Але і да арміі бацькам не даводзілася за яго чырванець: Дзіма доўгі час займаўся лёгкай атлетыкай, мае шмат спартыўных узнагарод.
Падзеі таго лёсавызначальнага дня Яўген Жарскі ўспамінае толькі да моманту, калі сеў у самалёт. Што адбывалася потым, быццам нехта выкрасліў з яго памяці. Для Жэні гэта быў трэці і апошні скачок з парашутам. Дагэтуль дэсантаваўся з верталёта Мі-8. Па словах хлопца, паўтарыць скачок з Іл-76 складаней — большая хуткасць. А, між іншым, да арміі Яўген баяўся вышыні, але ўсё роўна марыў быць толькі дэсантнікам — каб і ў элітных войсках служыць, і свой страх перамагчы.
Пра тое, што здарылася ў небе над Шуміліншчынай, маці Яўгена паведамілі ў той жа дзень. Патэлефанавалі з вайсковай часці, сказалі, што Жэня атрымаў траўму і знаходзіцца ў 432-м Галоўным ваенным клінічным медыцынскім цэнтры Узброеных Сіл.
— Калі мы прыехалі ў ваенны шпіталь, то вельмі перажывалі, бо сын быў у крытычным стане, — успамінае Валянціна Віктараўна. — Уся вёска малілася за Жэню. І калі б не высокі прафесіяналізм урачоў і медыцынскага персаналу аддзяленняў рэанімацыі і траўматалогіі, якім мы вельмі ўдзячны, хто ведае, чым бы ўсё скончылася...
Да ранейшага жыцця Яўген вярнуўся ў верасні. Як і да арміі, працуе на Баранавіцкім заводзе аўтаматычных ліній. Калегі яго чакалі з нецярпеннем: перажывалі за маладога таварыша, добрага спецыяліста. На днях хлопец упершыню за доўгі час зноў надзеў ваенную форму: у той красавіцкі дзень служба для Жэні скончылася. Якое ж хваляванне ён адчуў, калі прыбыў у родную часць, няёмкасць — калі ў музеі брыгады, а таксама ў батальёне, дзе служыў, убачыў плакат, на якім расказваецца пра подзвіг, які для гэтых хлопцаў стаў другім шанцам на жыццё.
Дарэчы
Падобны выпадак адбыўся ў 2004 годзе, калі падчас вучэбна-трэніровачных заняткаў пры ажыццяўленні скачкоў з парашутам ваеннаслужачы 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння радавы Уладзімір Цішкевіч выратаваў жыццё саслужыўцу. Указам Прэзідэнта Беларусі хлопец быў узнагароджаны медалём «За адвагу».
Вераніка КАНЮТА
Фота Ірыны МАЛІНОЎСКАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:kаnуutа@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/undefined