Будаўніцтва лесагаспадарчых дарог застаецца адной з галоўных задач у міністэрстве. Толькі летась у лясным фондзе былі пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю 16 новых аб'ектаў працягласцю больш за сто кіламетраў.
Усяго ж з 2007 года ў лясным фондзе Мінлясгаса было ўведзена ў эксплуатацыю 1021,856 кіламетра лясных дарог, паведамілі ў прэс-службе ведамства. Будаўніцтва новых аб'ектаў дазваляе найперш павялічыць асваенне цяжкадаступнай разліковай лесасекі. Апроч таго, з іх дапамогай забяспечваецца своечасовае правядзенне лесааднаўленчых работ і мерапрыемстваў па барацьбе з хваробамі і шкоднікамі лесу, ліквідацыі лясных пажараў.
Работа па пашырэнні дарожнай сеткі ў сістэме Мінлясгаса будзе працягнута. Сёлета запланаваны ўвод 101,613 кіламетра, а ўсяго да канца пяцігодкі, згодна з зацверджанай праграмай «Беларускі лес», пачнуць эксплуатавацца 500 кіламетраў новых дарог.
У рамках выканання папярэдняй праграмы будаўніцтва лесагаспадарчых дарог на 2011—2015 гады ў сістэме Міністэрства лясной гаспадаркі пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю 570,1 кіламетра дарог. Гэта адбілася на аб'ёмах нарыхтоўкі драўніны: калі ў 2010 годзе ў краіне было нарыхтавана 15,5 мільёна кубаметраў, дык летась — ужо 22,5 мільёна кубаметраў.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/minlyasgas