Да Эдварда Вайніловіча цікавасць сталі праяўляць гісторыкі, журналісты ды і простыя грамадзяне, бадай, толькі ў апошнія гады. Пра гэтага неардынарнага чалавека, буйнога землеўладальніка, грамадскага і палітычнага дзеяча, асветніка, мецэната шмат пішуць. На маім шляху сустрэлася цудоўная жанчына, настаўніца біялогіі з Цімкавіцкай сярэдняй школы Капыльскага раёна, краязнавец Ірына Шкуцька, якая не толькі з гістарычных крыніц даведалася пра жыццё знакамітага земляка.
Ірына Яўгенаўна вучылася ў Мінскім педагагічным інстытуце імя Горкага (цяпер гэта Беларускі дзяржаўны педуніверсітэт імя Максіма Танка). З вокнаў навучальнай установы добра бачны касцёл Святых Сымона і Алены, або, як яго называюць, Чырвоны касцёл. Дзяўчына ведала, што касцёл пабудаваў Эдвард Вайніловіч у гонар сваіх рана памерлых дзяцей. Пра гэта і пра тое, якую ролю адыграў ён у лёсе іх сям'і, расказвала ёй бабуля Вольга Пятроўна, якая нарадзілася ў 1895 годзе ў вёсцы Савічы, дзе быў радавы маёнтак Эдварда Вайніловіча. А яе муж, дзядуля Ірыны Яўгенаўны, Іван Мікітавіч Місевіч, з'явіўся на свет у 1890-м у суседняй вёсцы Браткава, якой таксама валодаў Вайніловіч.
— Бабуля гадоў з дзесяці разам з дзяўчатамі і жанчынамі працавалі тут на палетках: саджалі бульбу, жалі збажыну. Пасля працы яны прыходзілі ў панскі двор па разлік. Калі пана не было дома, то з імі расплачваўся аканом. Апошнія гады загадваў гаспадаркай Дзмітрый Шкуцька (такое прозвішча па мужу і ў мяне). Ён распараджаўся, як цяпер кажуць, «фронтам работ»: колькі жанчын і мужчын куды паслаць. Бабуля Вольга ўспамінала: неяк прыйшлі ў поле, ды пачалася бура, грымнула навальніца — жаць было нельга. Вайніловіч загадаў адправіць жней дадому, але разлічыцца з імі толькі за тое, што выйшлі на ніву. Кожная атрымала па пяць капеек. На тыя часы за гэтыя грошы можна было купіць цукерак або простую паркалёвую хустку, — распавяла мая суразмоўніца.
Ірына Яўгенаўна паказвае здымак, якому больш за сто гадоў. На ім прабабуля Ганна, яе дачка Вольга, якой тут 16 гадоў, і прадзед Пётр. Усе прыгожа апранутыя, па тагачаснай модзе.
— Сялян, якія сумленна працавалі, пан шанаваў, добра ім плаціў. Яны маглі купіць нават крамную вопратку, як казала бабуля. А яе сям'я была працавітая, таму і жыла заможна. — працягвае Ірына Шкуцька. — Правяраў якасць работ аканом або сам пан Эдвард. Аб'язджаў ён свае ўладанні на кані, запрэжаным у двухколавую брычку. Адзін малады мужчына, заўважыўшы гаспадара, пачаў падганяць каня, імітуючы, так бы мовіць, спрыт. Але той памераў кійком глыбіню разоры ды кажа яму: «За гэтую частку дня, што адпрацаваў, з табой разлічацца, але прыйдзеш араць тады, калі добра навучышся». Бабуля часта паўтарала, што ён патрабаваў добрай, якаснай работы, але ніколі нікога не пакараў за нейкую правіннасць. Аднойчы ехаў чалавек з вёскі Заракаўцы нападпітку з гасцей. Магчыма, на Вялікдзень, бо было гэта напрадвесні: толькі зазелянелі азімыя. Як на той грэх, селянін заснуў, а конь і збочыў на поле. Дзе пашчыпаў, а дзе патаптаў пасевы, ад воза засталіся глыбокія каляіны. Прыбег аканом з людзьмі, мужыка разам з канём даставілі ў панскі двор. Выйшаў гаспадар ды кажа: «Ведай, хлопча, што каня перад дарогай трэба пакарміць, каб не шукаў сабе ежу», і загадаў пакласці ў воз бярэмя сена, маўляў, прыедзеш дадому, дасі жывёліне, каб не рабіла шкоды. Ніколі пан не пакідаў сялян сам-насам са сваёй бядой, турботамі. Здараліся эпідэміі хвароб, неўрадлівыя гады, а бывала, людзі ў шматдзетных сем'ях з'ядалі ўвесь ураджай да вясны і не было чым сеяць. Але яны ведалі, што пан дапаможа зернем. Ні адна сірата, ні адзін чалавек не пайшлі жабраваць, ніхто не памёр з холаду і голаду, у знямозе і адзіноце. Каля цагельні Вайніловіч пабудаваў жаночыя і мужчынскія баракі з пячным ацяпленнем. Тут жылі тыя, хто страціў дах над галавой, бацькоў, старыя, нямоглыя. Іх кармілі, за малымі даглядалі старэйшыя.
— У кожнай вёсцы Вайніловіч адкрыў школы: у Пузаве (сучасная — Вясёлае), Савічах, Браткаве. У свой час Вольга Пятроўна мне паказвала, дзе яны стаялі. Навучальныя ўстановы ён фінансаваў, плаціў за кватэру настаўнікам і купляў падручнікі, — працягвае мая суразмоўніца. Яна паказала «Закон Божы», выдадзены ў 1887 годзе на стараславянскай мове. Па ім вучылася бабуля Вольга ў царкоўнапрыходскай школе. Ён займаў пачэснае месца на кніжнай паліцы. Але, падчас савецкай улады, вокладку замянілі на вокладку ад падручніка «Роднае слова». Так бы мовіць, «замаскіравалі», бо непажаданы госць мог данесці куды трэба.
— Вайніловіч наведваў школы, цікавіўся, як хто вучыцца. Тым, хто паказваў добрыя вынікі, плаціў стыпендыю. У Вольгі Пятроўны быў старэйшы брат Феафан, якога хатнія звалі Феня. Хлопец закончыў царкоўнапрыходскую школу на «выдатна», і пан паслаў яго вучыцца ў Слуцкую гімназію, зняў яму за асабістыя грошы кватэру, плаціў за вучобу. Юнак і тут апраўдаў давер апекуна, і той накіраваў яго ў інстытут у Маскву. У сям'і меркавалі, што брат працаваў у канструктарскім бюро, тады пачыналі будаваць аэрапланы, і ён прымаў у гэтай справе непасрэдны ўдзел, паколькі вучыўся ў інстытуце з фізіка-матэматычным ухілам. Пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы яго пакінулі там выкладчыкам, — Ірына Шкуцька дэманструе фотаздымак свайго родзіча з кнігай у руках, які ён даслаў бацькам са сталіцы ў пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя.
— А хто вось гэты малады вайсковец — статны, з выдатнай выпраўкай? — зацікавілася я адным з фота.
— Мой дзядуля Іван Місевіч, служыў на панскай канюшні, лячыў коней, ведаў літаральна ўсё пра іх хваробы, — канстатуе жанчына. — Іван Мікітавіч быў адукаваны чалавек, закончыў чатырохкласнае вучылішча. У 1914 годзе, калі пачалася Першая сусветная вайна, яго прызвалі ў царскую армію. Дзядуля — унтэр-афіцэр, быў памочнікам ветурача ў гвардзейскім кавалерыйскім палку. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся да прывычнай справы. Пасля ад'езду пана Эдварда ў Польшчу ён узяў на памяць дадому толькі конскую дугу. Яна была прыгожая, пафарбаваная ў зялёны колер, з чырвоным аздабленнем. Менавіта дзядуля надзяваў яе на каня, калі пан Эдвард кудысьці ехаў. Дуга захоўвалася ў хаце пад столлю. Але ў 1920-я гады, калі ўсталявалася савецка-польская мяжа, ён яе пасек і спаліў, бо зразумеў, што Вайніловіч ужо ніколі не вернецца ў свой маёнтак. Мясцовыя сяляне любілі і паважалі пана, які рабіў для іх толькі дабро. Ніхто з сялян не рабаваў яго маёмасць, як сцвярджае хтосьці сёння. Па ўспамінах бабулі, рабавала яго розная навалач: бежанцы, салдаты, марадзёры, паколькі маёнтак практычна знаходзіўся на лініі фронту. Забіралі коней, кароў, каштоўнасці. А фамільныя партрэты, што віселі ў палацы ў Савічах, пасеклі.
Пра адносіны да яго сялян піша ў кнізе «Успаміны» і сам Вайніловіч: «Другі раз мы вымушаны былі адыходзіць ад бальшавіцкага нашэсця. Але гэты ад'езд адрозніваўся ад папярэдняга 2 снежня 1918 года тым, што праходзіў ён адкрыта, аб ім ведалі ўвесь двор і мясцовае насельніцтва. І трэба сказаць, што выезд з Савіч, дарога цераз нашу вёску Браткава, Пузаўскі двор былі хутчэй за ўсё трыумфальнай працэсіяй, чым уцёкамі. Усе, хто сабраўся ў дворыку перад замкам, з плачам і блаславеннем развітваліся з намі. А ў вёсцы сяляне, што сабраліся каля хат, крычалі: «Няхай наш пан хутчэй вяртаецца!» Было гэта зусім зразумела, усе ведалі, што за намі прыйдуць сюды бальшавікі. А гэта пагражае наборамі ў армію, рэквізіцыяй, разбоямі і грабяжамі». Разам з тым ва «Успамінах» ён сведчыць, што, калі ехаў у Польшчу, то па дарозе бачыў, як жыхары суседняга мястэчка Цімкавічы, што належала Радзівілам, з яго лесу вязуць дубы. Але ён адвярнуўся, зрабіў выгляд, што не заўважыў, як яго рабуюць.
«20 лютага 1921 года на нашых фамільных магілах пашкоджаны помнікі, нават мёртвым няма спакою. Мабыць, няма сэнсу цешыць сябе надзеяй аб вяртанні дамоў вясной», — напісаў у сваёй кнізе Эдвард Вайніловіч.
— Мабыць, і дагэтуль у нас засталіся прывітыя Вайніловічам нашым продкам якасці. Людзі ў нас добрыя, сардэчныя, заўсёды прыйдуць на дапамогу, выручаць, — лічыць Ірына Яўгенаўна.
— У пару майго дзяцінства ў нас нават хаты на замок не закрывалі, усе давяралі адзін аднаму, — уступае ў размову загадчыца Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі, дачка Ірыны Шкуцькі — Вольга Радкевіч, якую назвалі ў гонар прабабулі. Дарэчы, у бібліятэцы дзейнічае выстава «Ён наш зямляк, ён наша слава», якая пастаянна папаўняецца новымі матэрыяламі.
Так сталася, што праўнучка жыве ў вёсцы Браткава, у той самай хаце, куды прыйшла замуж Вольга Пятроўна. Вядома, будынак змяніўся, яго абклалі цэглай, пашырылі, зрабілі прыбудоўкі. Але аснову — драўляныя зруб і столь, якія праслужаць яшчэ сто гадоў, — пакінулі. Так што Вольга Радкевіч жыве ў знакамітым доме, з якім звязана шмат гістарычных падзей. У тым ліку падчас Вялікай Айчыннай вайны тут збіраліся і народныя мсціўцы, Вольга Пятроўна пякла начамі хлеб партызанам, дапамагала адзеннем, мыла бялізну. У партызанах былі і яе сыны Іван і Сямён.
У сялян Эдварда Вайніловіча былі не толькі суцэльныя будні. На Тройцу, Вялікдзень, свята Пятра і Паўла ды іншыя пасля богаслужэння ў царкве, дзе прысутнічаў і пан, усім дазвалялася ісці ў парк, што быў разбіты каля палаца. Тут гаспадар выстаўляў сталы з рознымі пачастункамі: мёдам, яблыкамі, печывам. «Бабуля добра памятала, што тут ігралі яўрэйскія музыкі з Цімкавіч: біў бубен, гралі скрыпкі, дзяўчаты і кавалеры танцавалі. Вайніловіч не аддзяляў сябе ад сялян, не пагарджаў імі, казаў: «Калі будуць моцныя сем'і, то будуць і добрыя працаўнікі». Жыхары яго вёсак былі спакойныя за сваю будучыню і будучыню сваіх дзяцей. На жаль, Бог не ўратаваў яго сына Сымона і дачку Алену. Вайніловіч ушанаваў памяць сваіх дзяцей, пабудаваўшы Чырвоны касцёл. Гэтая святыня напамінае і аб нашых продках, якія жылі і працавалі побач.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/edvard-vaynilovich
[4] https://zviazda.by/be/tags/asvetnik
[5] https://zviazda.by/be/tags/palitychny-dzeyach
[6] https://zviazda.by/be/tags/iryna-shkucka
[7] https://zviazda.by/be/tags/kapylski-rayon