Крыху больш за год таму мы пісалі [3], якога клопату нарабіў зубр, які прыбіўся з Белавежскай пушчы да статка кароў сельгаспрадпрыемства «Любань» Кобрынскага раёна. Лясны звер спачатку блукаў па наваколлі, схадзіў ва Украіну, але сваімі зубрынымі мазгамі, нарэшце, дапяў, што нідзе няма лепш, як на добрых кармах ды чыстай вадзе, якімі забяспечваюць калгасны статак. Ды і рагулі яго ўвагай не абдзялялі.
За месяц такога пражывання пушчанскі госць зрабіўся гладкі, поўсць заблішчэла, больш за тое, стаў паводзіць сябе як важак і гаспадар статка. Напрыклад, тыдзень не падпускаў людзей да нованароджанага цяляці. Праз паўтара месяца ўсё ж зубра забралі ў пушчу, цяпер ён жыве ў вальеры, яго паказваюць экскурсантам і расказваюць гісторыю вандровак.
А цяпер вось паявілася інфармацыя процілеглага кшталту. Карова прыбілася да зуброў, праўда, з польскага боку пушчы. Небараку хацелі адправіць на бойню. Але яна раптам знікла. Нашы спецыялісты каментуюць на сваіх сайтах, што гэта анамалія: карова не можа стаць членам зубрынага статку. Але ж ёсць такое меркаванне, што каровы адчуваюць, калі іх вядуць на забой. І зубры маглі даўно прагнаць, нават забіць чужынку, але ж яна жыве побач з ляснымі волатамі ўжо тры месяцы. Значыць, і жывёлы здатныя на цярпімасць, спагаду.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://zviazda.by/be/news/20160913/1473782975-zubr-ne-ekzotyka-ale-i-ne-svoyskaya-zhyvyola
[4] https://zviazda.by/be/tags/zubr
[5] https://zviazda.by/be/tags/karova